Следчы камітэт аднавіў крымінальную справу пра знікненне Юрыя Захаранкі

25/12/2019 - 12:02

Следчы камітэт аднавіў справу па факце знікнення генерала міліцыі Юрыя Захаранкі. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. Ён атрымаў адпаведнае апавяшчэнне са Следчага камітэта за подпісам начальніка аддзела, следчага Юрыя Вараўкі.

Справа па знікненні Захаранкі, як паведамляецца ў дакуменце была адноўленая 18 снежня — праз два дні пасля інтэрвію Юрыя Гараўскага на Deutsche Welle. Былы спецназавец, які назваў сябе байцом беларускага "эскадрона смерці", прызнаўся, што 20 гадоў таму ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве палітычных праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя дзеянні адбываліся, па яго словах, пад камандаваньнем Дзмітрыя Паўлічэнкі.

На думку Воўчака, падставай для аднаўлення крымінальнай справы сталі заявы Гараўскага у СМІ. Праваабаронца кажа, што Следчы камітэт цяпер абавязаны праверыць словы Гараўскага: "Ім таксама трэба далучыць гэты відэазапіс Deutsche Welle да справы і разбірацца з заявамі, агучанымі ў інтэрв'ю. Калі там паклёп, Следчы камітэт абавязаны звяртацца ў праваахоўныя органы і пісаць, што гэта паклёп, інфармацыя не пацвердзілася — гэта цэлы працэс".

Воўчак мяркуе, што неўзабаве адновяць прыпыненыя справы аб выкраданні Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Хадайніцтвы ў Следчы камітэт пра аднаўленне папярэдняга следства днямі падалі сваякі зніклых — Святлана Завадская і Ірына Красоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі