Сланечнікавы алей, дзіцячае харчаванне і мука ў Беларусі могуць падаражэць

10/03/2022 - 09:19
МАРГ Беларусі дазволіў крамам падымаць цэны на сланечнікавы алей, дзіцячае харчаванне і муку / Ілюстрацыйнае фота РІА Новости

Імпартныя сланечнікавы алей, дзіцячае харчаванне і пшанічная мука могуць падаражэць. Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю Беларусі дазволіла падымаць цэны на іх. Гэта вынікае з паведамлення МАРГ. Для гэтай прадукцыі вызначаны асаблівы парадак усталявання цэн.

З аднаго боку, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць гэтымі таварамі, "маюць права павялічыць цану на гэтыя тавары на памер (у працэнтным выражэнні) іх змены імпарцёрам". З іншага боку, МАРГ абмежаваў для іх гандлёвыя надбаўкі. Рознічныя цэны павінны фармавацца з аглядкай на пастанову "Аб рэгуляванні цэн на сацыяльна значныя тавары" ад 21 снежня 2021.

Гэтая пастанова, нагадаем, прадугледжвае гранічны максімальны нарматыў рэнтабельнасці і максімальныя надбаўкі імпарцёра, а таксама максімальныя аптовыя і гандлёвыя надбаўкі з улікам аптовай надбаўкі.

У агульны пералік сацыяльна значных тавараў для цэнавага дзяржрэгулявання ўваходзяць рыба і кансервы, мяса, у тым ліку курэй, вараныя каўбасныя вырабы і мясныя кансервы, малако, сыр, сметанковае масла і раслінны алей, яйка курынае, мука, хлеб, соль, цукар, кава, чай, макарона, шэраг круп, бульба і некаторая гародніна, яблыкі, дзіцячае харчаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі