Віталь Савельеў / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку
Міліцыя завяршыла праверку даноса на віцебскага вядоўцу Віталя Савельева. Пра гэта мужчына расказаў на сваёй старонцы ў TikTok.
Ён паказаў ліст, які яму даслалі па выніках разбіральніцтва: "Гэта дакумент, які кажа, што нічога супрацьзаконнага і ўжо тым больш якіх-небудзь абразлівых выказванняў палітычнага характару я не казаў".
Ён дадаў, што жартаваў не на адрас дзяржслужбоўцаў, а на адрас прыватнай асобы, якая "ніяк не адносіцца да якіх-небудзь дзяржструктураў".
Тым не менш Савельеў папрасіў прабачэння ў калегі, пра якога жартаваў, бо гэты жарт мог яго пакрыўдзіць.
"На жаль, як паказвае гісторыя, /.../ не заўсёды твае словы могуць правільна зразумець, а хтосьці наогул можа перакуліць іх з ног на галаву так, што яны зусім страцяць свой першапачатковы сэнс", — канстатаваў ён.
Данос на Савельева напісалі пасля яго выступу на штогадовай сустрэчы вядоўцаў вяселляў, якая прысвячалася заканчэнню сезона. На ёй прысутнічалі больш за 50 чалавек. На гэтай сустрэчы калегі традыцыйна ладзілі "пражарку", падчас якой жорстка жартавалі адзін з аднаго. Прыкладна праз дзве гадзіны пасля выступу да Савельева прыехала міліцыя і паказала скаргу на яго, якая паступіла ў чат-бот МУС.
У прэс-службе МУС пазней казалі, што 38-гадовы вядоўца на карпаратыўным мерапрыемстве выказваўся на адрас калегі ў нецэнзурнай форме і "асуджаў яго ўзаемадзеянне з дзяржарганізацыямі ў прафесійнай дзейнасці".
Сам Савельеў адмаўляў, што жартаваў пра палітыку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут