Швейцарыя мае намер абмеркаваць вынікі мірнага саміту па Украіне з Расіяй і КНР

17/06/2024 - 06:28

На Глабальным саміце свету прысутнічаў і Уладзімір Зяленскі. / Reuters

Швейцарыя мае намер абмеркаваць вынікі Глабальнага саміту міру з Расіяй, Кітаем і іншымі краінамі, якія не ўдзельнічалі ў канферэнцыі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі па выніках саміту заявіў міністр замежных спраў Швейцарыі Ігнацыа Касіс.

"У нас ёсць дзейнае пасольства ў Маскве, і кожныя два тыдні мы маем кантакты з міністрам замежных спраў. І ў нас таксама ёсць намер абмеркаваць з Расіяй вынікі гэтай канферэнцыі",цытуе кіраўніка швейцарскага МЗС "Інтэрфакс-Украіна". Паводле слоў міністра, вынікі саміту Швейцарыя хоча абмеркаваць і з іншымі краінамі, "у чые дзверы мы пагрукаліся, а яны не прыйшлі, напрыклад, з Кітаем". Касіс нагадаў, што Пекін першапачаткова прапанаваў падтрымку, але потым адмовіўся ад удзелу з-за адсутнасці Расіі. Ён зазначыў, што "існуюць розныя меркаванні і ідэі аб тым, як можна працягваць гэты шлях, шлях да міру; гэтыя розныя ідэі неабходна аб'яднаць".

Глабальны саміт міру, ініцыятарам якога была Украіна, прайшоў у Швейцарыі 15-16 чэрвеня. У мерапрыемстве прыняла ўдзел 101 краіна і міжнародная арганізацыя з усіх кантынентаў. Першапачаткова паведамлялася, што выніковы дакумент сустрэчы падтрымалі 80 краін і 4 арганізацыі, але пазней з гэтага спісу зніклі Ірак і Іарданія. Гэтыя краіны адклікалі свае подпісы, піша Hromadske. Таксама сярод краін-удзельніц, якія не падпісалі дакумент, Саудаўская Аравія, Тайланд, Індыя, Мексіка, ПАР, Арменія, Бахрэйн, Бразілія, Ватыкан, Інданезія, Калумбія, Лівія і ААЭ.

Адзначым, што ў выніковай дэкларацыі саміту адсутнічаюць ключавыя ўмовы, якія раней сфармуляваў Уладзімір Зяленскі ў сваім мірным плане. У прыватнасці, няма патрабавання вываду расійскіх войскаў і кампенсацыі Украіне ад Расіі за разбурэнне і акупацыю. Былі сфармуляваны тры пастулаты. Іх прыводзіць BBC:

  • Бяспека атамнай энергетыкі, у тым ліку вяртанне пад кантроль Украіны Запарожскай АЭС (яна захоплена расійскімі войскамі) і непрымальнасць пагроз прымянення ядзернай зброі супраць Украіны;
  • Важнасць поўнага і бяспечнага доступу да ўкраінскіх партоў у Азоўскім і Чорным моры і да ўкраінскай сельгаспрадукцыі як элемента, ад якога залежыць глабальная харчовая бяспека;
  • Вызваленне ўсіх ваеннапалонных, а таксама вяртанне ў Украіну дэпартаваных і незаконна затрыманых украінскіх дзяцей і ўкраінскіх мірных жыхароў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі