Беларускія археолагі даводзяць, што гісторыя беларусаў сягае ўглыбіню вякоў
Гісторыя Беларусі значна глыбейшая і не пачынаецца з 1994 года або 1941-га, як гэта прадстаўляюць лекцыі Лукашэнкі і прапагандысцкія перадачы. Сёлетнія археалагічныя знаходкі гэта ярка падкрэсліваюць.
Еўрарадыё нагадвае, чым стаў адметны гэты год, якія знаходкі найцікавейшыя.
Мястэчка Крэва, якое памятае Ягайлу, Гедыміна і Альгерда, дзе была падпісаная Крэўская ўнія, дзе задушылі Кейстута і адкуль уцёк Вітаўт — проста кландайк для навукоўцаў.
Кожны год там знаходзяць штосьці цікавае, што мяняе ўяўленні, якія існавалі дагэтуль пра сярэднявечны замак і быт у ім.
У гэтым годзе археолагі натрапілі на каменны падмурак, які, верагодна, быў часткай моста, што злучаў малую браму на паўднёвым баку замка з унутраным дворам. Яны таксама знайшлі драўляныя канструкцыі ў сугліністым пласце.
“Лінія падмурка цалкам адпавядае канфігурацыі моста. А ў гэтым месцы знаходзілася замкавая сажалка, таму і была неабходнасць узводзіць каменны падмурак. Сярод знойдзеных артэфактаў — фрагменты керамічных рыштункаў XVI-XVII стагоддзяў, а таксама нумізматычны матэрыял канца XVI — сярэдзіны XVII стагоддзя. Сярод досыць рэдкіх знаходак — пацерка, сагнутая са срэбнай манеты часоў Стэфана Баторыя”, — каментуе кіраўнік раскопак, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Дзярновіч.
Страчаны дамініканскі храм Святога Казіміра XVII стагоддзя нагадаў пра сябе падмуркам.
Мясцовая парафія раней планавала правесці раскопкі, каб падрыхтавацца да адбудовы капліцы з труной святога Фабіяна Малішоўскага, прыёра місіі ордэна дамініканцаў. І вось адкапалі фрагменты сутарэнняў страчанага касцёла, піша ініцыятыва “Спадчына”. Захаваліся нават праёмы і праходы!
Айцец Фабіян Малішоўскі з 1640 года кіраваў будаўніцтвам кляштара дамініканцаў і мураванага касцёла Святога Казіміра. Пасля паўстання супраць Расійскай імперыі 1830-1831 гадоў дамініканцаў адсюль прагналі, але касцёл працягваў дзейнічаць аж да паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе. Потым забралі і касцёл.
Храм перажыў перабудову пад царкву, аднаўленне “за польскім часам” у 1920-х і нават Другую сусветную вайну. Але быў зруйнаваны ў багаборчыя хрушчоўскія часы.
Браму-званіцу, што існавала пры кляштары, у нашыя часы аднавілі. Гістарычнай адпаведнасцю ў гэтым праекце не пераймаліся, таму пабудова выглядае груба і недакладна.
Актывісты патрабуюць надаць усёй тэрыторыі былога касцёла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але гэтага дагэтуль не адбылося. Цяпер, дзякуючы таму, што раскопкі агалілі падмуркі, можна было б лічыць гэтую тэрыторыю хаця б помнікам археалогіі.
У Мінскім раёне на рацэ Менцы выявілі могілкі XI стагоддзя. У раннехрысціянскі перыяд высокастатусных жыхароў хавалі ўнутры гарадскіх умацаванняў, а звычайных — у курганах. Гэта адкрыццё пацвярджае наяўнасць гарадской эліты, ад якой пачынаўся Мінск.
“Мы зрабілі нечаканую знаходку, пра якую нават не маглі здагадвацца. У куце профілю раскопу мы знайшлі сляды ног чалавека ў пахаванні. Мы пачалі раскрываць суседнія ямы і выявілі ў іх пахаванні. Мы можам з упэўненасцю гаварыць пра тое, што гэтыя пахаванні XI-XII стагоддзяў”, — каментуе загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Археолагі знайшлі два поўных пахаванні і частку яшчэ аднаго. Паверх іх — культурны пласт эпохі старажытнарускіх княстваў.
Адкрыццё могілак сведчыць пра тое, што ў гарадскім пасяленні была царква. Бо звычайна каля яе сцен і здзяйснялі пахаванні.
“Тут маглі быць пахаваныя святары ці людзі, звязаныя з царквой. Гэта пакуль толькі здагадка, таму што ўсе пахаванні ідуць без інвентара. Раннія хрысціяне тут у процівагу паганству лічылі, што чалавек павінен адыходзіць так, як прыйшоў у гэты свет — без нічога”, — кажа Андрэй Вайцяховіч.
Магчыма, на Менцы была самая старажытная хрысціянская царква ў гэтым рэгіёне. Гэта сведчыць пра тое, што адразу пасля прыняцця хрысціянства тут актыўна развівалася і распаўсюджвалася.
На гэтым месцы ў Валожыне планавалася пабудаваць паркоўку. Але тэрыторыя побач з касцёлам Святога Іосіфа — гэта ахоўная зона, таму будаўнічыя працы тут павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі.
А пачалося з таго, што будаўнікі ў пэўных месцах пачалі натыкацца на нейкія скляпенні і аркі, якія перашкаджалі праводзіць вадаправод і каналізацыю.
— Менавіта ў гэтых месцах мы пачалі раскопкі і натрапілі на падмурак. На сённяшні дзень мы прыходзім да высновы, што працуем з будынкам прыблізна XVII стагоддзя. І гэта цяпер адзін з найстаражытнейшых у Валожыне. Тут знайшлі багаты матэрыял: рэшткі бітага посуду, шкельцы, шмат кафлі, з колькасці якой фактычна можна сабраць печку.
Калі паблізу знаходзіўся касцёл, то гэты будынак мы спрабуем інтэрпрэтаваць як плябанію, у якой жыў ксёндз, ці духоўную школу, якую адчынілі пры бернардзінскім кляштары. Апошняя версія пад вялікім пытаннем. Але калі гэта ўсё ж плябанія, то, па сутнасці, мы знайшлі адну з найстаражытнейшых у Валожынскім раёне і Мінскай вобласці, — кажуць археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі з аддзела археалогіі Сярэднявечча і Новага часу Сяргей Ліневіч і Ганна Ясковіч.
Улады абяцаюць, што паркоўка зойме толькі частку гэтай пляцоўкі. Астатняе будзе ахоўнай зонай з перспектывай стварэння турыстычнага месца.
І гэта яшчэ не ўсё. У Шумілінскім раёне знайшлі паясную накладку вікінгаў, а на раскопках на Менцы яшчэ знайшлі драўляную фігуру цмока і рыдлёўку, якой будавалі старажытны горад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут