Што зменіцца для беларусаў з увядзеннем кантролю на межах краін ЕС

14/09/2015 - 15:37

Германія часова ўводзіць памежны кантроль з-за вялікай плыні ўцекачоў. Пра гэта 13 верасня заявіў кіраўнік нямецкага міністэрства ўнутраных спраў Томас дэ Мезьер. Ён нагадаў, што часовы кантроль не супярэчыць шэнгенскаму пагадненню. Асноўная ўвага будзе нададзеная аўстрыйскаму накірунку, адкуль прыязджае большасць бежанцаў. На астатніх участках нямецкай мяжы, у прыватнасці з Бельгіяй і Люксембургам, будзе праводзіцца выбарачны кантроль дакументаў.

“Мы мусім навесці парадак на мяжы. Мы хочам ведаць, хто ўязджае ў Германію. Мы хочам усталяваць асобы гэтых людзей і мы мусім крыху запаволіць гэты працэс, каб магчымасці Германіі па прыняцці ўцекачоў не былі вычарпаныя надта хутка”, — заявіў кіраўнік нямецкага МУС.

Па яго словах, гэтае рашэнне было прынятае з меркаванняў бяспекі і ўзгаднялася з аўстрыйскім бокам, інфармуе агенцтва DPA.

Тым часам, віцэ-канцлер Германіі Зігмар Габрыэль заявіў, што краіна амаль вычарпала магчымасці па прыёме новых уцекачоў.

“Няздольнасць Еўропы вырашыць крызіс з мігрантамі прывяла да таго, што нават Германія дасягнула мяжы сваіх магчымасцяў”.

14 верасня віцэ-канцлер заявіў, што ФРГ прыме да канца года каля 1 млн. бежанцаў. Раней палітыкі казалі пра 800 тысяч.

Агенцтва AFP паведамляе, што ўжо ў нядзелю ўвечары, паліцыя Германіі ўсталявала блокпосты на федэральнай шашы, якая злучае баварскі Фрайласіг і аўстрыйскі Зальцбург, і пачала праверку аўтатранспарту. На вачах журналістаў на тэрыторыю ФРГ не ўпусцілі трох сірыйскіх бежанцаў, якія ішлі пешшу. У нядзелю на 12 гадзін было спыненае чыгуначнае злучэнне паміж Аўстрыяй і Германіяй.

Следам за немцамі памежны кантроль увяла Чэхія. Улады гэтай краіны маюць перасцярогі, што пасля рашэння ўладаў Германіі плынь уцекачоў перакінецца ў іх краіну. Узяла пад кантроль межы і сама Аўстрыя, а таксама Славакія, паведамляе Deutsche Welle.

 

Ці ўзнікнуць праблемы ў беларусаў, якія збяруцца наведаць Германію, Чэхію або іншыя краіны Шэнгенскай зоны?

Намесніца кіраўніка прэс-службы міністэрства замежных спраў Чэхіі Ірэна Валентава распавядае Еўрарадыё, што гэты крок ніяк прынцыпова не паўплывае на беларускіх турыстаў.

“Ніякіх глыбокіх зменаў не будзе. Нават калі на мяжы будзе ўведзены кантроль з польскага боку, для грамадзян вашай краіны нічога не зменіцца”, — запэўнівае намесніца кіраўніка прэс-службы.

Пра тое ж заяўляюць і ў Міністэрстве замежных спраў Германіі.

“Адзіная рэч, якая зменіцца для турыстаў з Беларусі — на мяжы з ФРГ можа быць кантроль дакументаў. Можа быць правераны пашпарт і наяўнасць шэнгенскай візы”, — паведамілі ў міністэрстве.

Там звярнулі ўвагу на тое, што ўсе правілы Шэнгенскага пагаднення захоўваюцца. У прыватнасці, калі грамадзянін мае, напрыклад, літоўскую шэнгенскую візу, але асноўнай мэтай візіту з’яўляецца Германія, падчас праверкі дакументаў у наведванні ФРГ можа быць адмоўлена.

Нагадаем, Шэнгенскае пагадненне аб’ядноўвае трыццаць тры еўрапейскія краіны, у тым ліку большасць краін ЕС, Швейцарыю, Нарвегію і Ісландыю. Яно прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне людзей і грузаў паміж гэтымі краінамі.

Фота: Philipp Guelland/Getty Images, Joe Klamar/AFP/Getty Images, bikerussia.com

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі