Што за “зборная Расіі” прайграла камандзе Лукашэнкі ў фінале Каляднага турніра

10/01/2019 - 14:51

Штогадовы Калядны турнір па хакеі скончыўся чарговай перамогай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбылося дванаццаты раз за пятнаццаць турніраў. У фінале беларусы выйгралі ў "зборнай Расіі".

Чаму мы напісалі “зборную Расіі” ў двукоссі? Ды таму, што найперш беларускія “аматары” (зноў у двукоссі, ну што ж такое!) хакея вельмі адрозніваюцца ад расійскіх, скажам так, прафесіяналізмам. А па-другое, ці мае ўвогуле права каманда расійскіх хакеістаў, што выступіла на Калядным турніры, называцца зборнай Расіі?

“Зборную Расіі можа фарміраваць толькі Федэрацыя хакея Расіі. Мусіць быць запыт, і па гэтым запыце на турнір едзе ці юніёрская каманда, ці ветэранская, ці і зборная, ці алімпійская”, — распавядаў Еўрарадыё пасля аднаго з папярэдніх Калядных турніраў экс-хакеіст, а цяпер расійскі хакейны менеджар Уладзімір Таржкоў. Тады ў Мінск пад шыльдай зборнай Расіі ўвогуле прыехаў аматарскі клуб “Самрау” з Уфы. А ветэранскую каманду "Газпрам экспарт" Таржкова, апошнюю, што здолела адабраць кубак у Аляксандра Лукашэнкі. на Калядныя турніры больш не запрашаюць.

Каманда "Газпрам экспарт". Фота: БелТА

Сёлета, як і ў 2018 годзе, каманда Расіі была сабраная на базе аматарскага клуба "СГМ". Кіраўнік клуба Раман Ратэнберг — віцэ-прэзідэнт Федэрацыі хакея Расіі.

"Увесь адміністрацыйны і трэнерскі склад — з клуба "Стройгазмонтаж", — распавядае Еўрарадыё менеджар “СГМ” Міхаіл Салдатаў. — Аднак хакеістаў з яго ў гэтым годзе ўсяго некалькі чалавек. У турніру ёсць пэўныя ўзроставыя абмежаванні, якія перыядычна змяняюцца. Гэта адкрывае і закрывае магчымасць удзельнічаць розным гульцам. Таму ў гэтым годзе мы запрасілі яшчэ шэраг хакеістаў з іншых клубаў, з якімі знаёмыя па гульнях на ўнутраных чэмпіянатах".

Паводле Міхаіла Салдатава, расійская каманда імкнулася адпавядаць узроставым абмежаванням, прынятым на Калядным турніры. Але спраўдзіць гэта складана — складаў “зборных” у адкрытым доступе не знайсці.

“Часцей за ўсё ў “нацыянальных камандах” усяго пара чалавек з гэтых краін, астатнія — масоўка-марыянеткі, якіх адусюль набіраюць. У мяне некалькі знаёмых гулялі ў тым турніры. Калі не памыляюся, дык чамусьці за кітайцаў. Вы думаеце, хакейная федэрацыя Кітая ўвогуле ў курсе, што нейкая каманда, якая называе сябе зборнай Кітая, удзельнічае ў гэтым турніры? Вельмі сумняваюся”, — працягвае Уладзімір Таржкоў.

Дык хто ж тыя расійскія хакеісты, якіх у фінале з лікам 8:5 перайграла каманда Аляксандра Лукашэнкі?

Дзяніс Карцаў, гуляў пад нумарам 53. Калісьці выступаў за маскоўскае “Дынама”. Заспеў два чэмпіёнствы каманды ў 2000 і 2005 гадах. Пасля другога “золата” пакінуў клуб. Але карʼера па-за "Дынама" склалася не лепшым чынам, ды і ўзрост даў пра сябе знаць. У 2010 годзе Карцаў апынуўся ў жлобінскім "Металургу", удзельнічаў у чэмпіянаце Беларусі. Але хутка сышоў. Карʼеру завяршыў у маскоўскіх "Крылах Саветаў" у ВХЛ. Цяпер — форвард "СГМ".

Андрэй Пятрунін, №22. Пік яго кар’еры прыйшоўся на пачатак 2000-х, калі ён гуляў за "Салават Юлаеў", “Северсталь”, “Ладу” ды ЦСКА. Сёння Пятруніну 40 гадоў.

Іван Навасельцаў, нумар 10. Былы хакеіст НХЛ, гуляў за клуб "Флорыда Пантэрс". Не рэалізаваўшы сябе за акіянам, вярнуўся ў Расію. Цяпер узначальвае аматарскі клуб "Энергія" ў Красназнаменску, які гуляе ў "Начной лізе" — расійскім чэмпіянаце па хакеі сярод аматарскіх каманд.

Сяргей Аракаеў, быў у зборнай пад нумарам 77. Доўгі час гуляў за маскоўскі "Спартак". Пасля заканчэння карʼеры стаў дзіцячым трэнерам. Працуе ў клубе "Электрасталь" і на пасадзе намесніка дырэктара па спартыўнай працы ў СДзЮШАР "Крышталь".

Нумар 26. Андрэй Забалотнеў. Былы гулец маскоўскага "Спартака". У складзе расійскай моладзевай зборнай па хакеі гуляў на чэмпіянаце свету ў 2002 годзе. Цяпер Андрэй трэніруе аматарскую каманду "Атланты" з Мыцішчаў і выходзіць на лёд у абароне клуба "СГМ".

Сяргей Лучынкін, гуляў пад нумарам 19. Вядомы ў мінулым расійскі хакеіст выступаў на прафесійным узроўні амаль два дзясяткі гадоў, у тым ліку за маскоўскія "Дынама", "Спартак" і ЦСКА. Цяпер ужо трэці сезон трэніруе аматарскую каманду "Сняжынка" ў дывізіёне "40+".

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 10.01

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі