Што такое інтэрнэт рэчаў? 5 прыкладаў карысных прылад

05/08/2016 - 14:40

Згублены парасон цяпер сам будзе скідваць на ваш тэлефон свае каардынаты. Гэта час інтэрнэту рэчаў (Internet of Things), і ён ужо прыйшоў. Саму з'яву яшчэ ў 1926 годзе апісаў Нікола Тэсла, ён сказаў, што радыё ў будучыні будзе вялікім мозгам, усе рэчы стануць часткай аднаго цэлага, а інструменты, дзякуючы якім гэта адбудзецца, будуць змяшчацца ў кішэні.

У 1990 адзін са стваральнікаў пратакола TCP/IP стварыў першую у свеце інтэрнэт-рэч. Ён падлучыў да інтэрнэта свой тостар.

Спачатку інтэрнэт быў толькі для людзей, а цяпер колькасць прылад і рэчаў, падлучаных да сеціва, большая за колькасць людзей. Да 2020 года колькасць такіх прыладаў складзе 34 мільярды штук, і толькі траціна з іх будзе смартфонамі, планшэтамі і гадзіннікамі.

Фактычна у інтэрнэце рэчаў прылады камунікуюць паміж сабой без удзелу чалавека. І згублены парасон — гэта зусім малая частка.

1. Ужо цяпер можна паставіць датчык на любую рэч, прыладу і нават ката. Калі вы сыдзеце з дому без гаманца, ён паведаміць вам пра гэта праз тэлефон, а сэнсар на ашыйніку ката паведаміць каардынаты, калі кот збег далёка ад дома.

2. Забылі выключыць прас ці тэлевізар? Ужо не трэба бегчы дадому правяраць, ці сапраўды. Усё гэта можна зрабіць са смартфона. А можна, наадварот, уключыць кава-машыну ці абагравальнік: калі даедзеце дадому, там ужо будзе цёпла.

3. Цяпер, калі скончылася кава ці пральны парашок, замовіць яго з Амазона можна адным націскам на кнопку.

4. Інтэрнэт-рэчы цяпер нагадаюць, калі трэба паліваць кветкі, а цэлая сістэма, падключаная да вашага агарода, падкажа, калі трэба паліць градкі і ўключыць палівалкі.

Амерыканец Роберт Бонд спалучыў інтэрнэт-рэчы і нейрасетку, якую ён навучыў распазнаваць на камеры катоў і ўключаць палівалку, каб зганяць іх са свайго газона.

5. Інтэрнэт-рэчы прыносяць і карысць для здароўя. Многія ўжо карыстаюцца спецыяльнымі бранзалетамі, якія падлічваюць крокі. А разумны гадзіннік цяпер дапаможа паклапаціцца пра старых людзей на адлегласці. Гадзіннік паведаміць, калі нешта здарылася, і нагадае прыняць лекі.

Да нядаўняга часу праблемай развіцця інтэрнэту рэчаў быў вялікі кошт тэхналогій і захоўвання вялікага аб'ёму дадзеных. Цяпер з'явіліся танныя тэхналогіі і вялікія аб'ёмы для захоўвання інфармацыі. Але засталіся іншыя праблемы, напрыклад, аўтаномнасць, бо для лепшай працы рэчы павінныя навучыцца браць энергію з навакольнага асяроддзя, а не ад батарэек.

А можа ўзнікнуць праблема, апісаная ў кнізе Юрыя Нікіціна:

"Ды не зламалася, — неахвотна вымавіў ён, — а... разумееш, у мяне тэмпература ледзь-ледзь ніжэйшая за норму. Ды не ў доме, а цела! Не трыццаць шэсць і шэсць, а трыццаць шэсць і адна дзясятая. Ну, ёсць такія людзі, два-тры на мільён, гэта таксама нібыта норма, хоць і на самым краі. Але гэты дурны разумны дом, які ж ён разумны? Патрабуе, каб я прыняў нейкія таблеткі! Цяпер трэба альбо адключыць гэтую сістэму, альбо перапраграмаваць, а то будзе тэлефанаваць і на працу, ён ужо так рабіў на мінулым тыдні, калі даведаўся, што ў мяне запор, у офісе цяпер нават пыласосы ржуць, як толькі заходжу..."

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі