Сем "маці-328" з Калінкавічаў прыйшлі ў Адміністрацыю прэзідэнта

02/05/2018 - 15:33
Гэтыя дзеці сядзяць "за наркотыкі"

Пасля пяці з паловай дзён галадоўкі сем маці, чые дзеці асуджаныя па "наркаманскім" артыкуле 328, прыехалі з Калінкавічаў у Мінск на сустрэчу з кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. Жанчыны спадзяюцца пагаварыць з чыноўнікамі і прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, здольнымі паўплываць на перагляд справаў іх дзяцей. Напярэдадні сустрэчы Еўрарадыё пагутарыла з адной з удзельніц галадоўкі.

"Адчуваем сябе як людзі, якія пяць з паловай сутак нічога не елі, — распавядае Ліяна Шуба. — У роце ні крошкі. Толькі вада. Штарміць, калыша, шмат у каго пачаліся праблемы са зрокам, язык заплятаўся, лёгкая дрыготка ў руках. У мяне вельмі баліць страўнік, пастаянна хочацца сагнуцца, але стараюся трымацца".

Актывістка руху расказала, што ўсе гэтыя дні чыноўнікі "высокага рангу" не цікавіліся іх самаадчуваннем. Затое штодня кватэру, дзе праходзіць галадоўка, наведваў старшыня райсавета Віктар Замосцік. Ён некалькі разоў прыводзіў да галадоўніц медыкаў, а яшчэ дапамог забраніраваць і замовіць аўтобус, які прывёз "маці-328" у Мінск.

"Аплацілі самі з дапамогай нашых калегаў па няшчасці і тых, хто спачувае, — працягвае Ліяна. — Нам на карт-рахунак пераводзяць грошы, дапамагаюць аплачваць рахункі тэлефонаў, таму што размаўляем бясконца, патрэбны інтэрнэт, каб быць у курсе навін".

Адказваючы на ​​пытанне, чаго чакаюць ад сустрэчы "маці-328", удзельніца галадоўкі адказала: "Цяжка сказаць. Мы чакаем канструктыўнага дыялогу. Наркагандаль — гэта бізнес. Як любы бізнес, ён будуецца па прынцыпе піраміды. Самыя важныя наркагандляры — вяршыня айсберга, яны застаюцца ў поўнай бяспецы. А дзве ніжнія прыступкі — спажыўцы і закладчыкі, з якіх дзяржава робіць дылераў. Гэта не сапраўдныя дылеры, гэта гарматнае мяса. Вось гэтыя хлопцы пад пагрозай. Іх саджаюць у турмы, але на іх месца неадкладна прыходзяць дзясяткі новых.

Наша дзяржава не імкнецца да таго, каб абезгаловіць гэтую піраміду. Я разумею, што праблема глабальная, але ў маленькай дзяржаве яе можна неяк вырашыць.

Мы гатовыя выслухаць прапановы, узяць тайм-аўт, параіцца з юрыстамі, прыняць нейкае кампраміснае рашэнне. Сама кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта не мае права заканадаўчай ініцыятывы. Таму калі там нікога не будзе, нам давядзецца вярнуцца ў Калінкавічы і працягнуць галадоўку. Наогул, першапачаткова мы прасілі пра сустрэчу з Лукашэнкам, але ўжо мяркуем, што нам адмовяць".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі