Сцены Старога замка ў Гродне назаўжды хаваюць пад сучаснай цэглай

11/09/2018 - 10:06

На сайце Hrodna.life з’явіліся шакуючыя здымкі: муры Старога замка ў Гродне хаваюць пад таннай сучаснай цэглай. Фактычна, будаўнікі ўзводзяць новыя сцены побач са старымі, змяняючы вонкавы выгляд помніка архітэктуры.

Будаўніцтва Старога замка ў Гродне пачалося ў XI стагоддзі. У 1391 годзе яго зрабіў сваёй рэзідэнцыяй князь Вітаўт, у 1398 годзе замест драўляных сцен паўсталі каменныя.

“Верагодна, гэта і ёсць сцяна Вітаўта, — кажа Еўрарадыё пра месца, дзе зараз працуюць будаўнікі, гісторык Мікалай Волкаў. — Сама па сабе абкладка цэглай гэтых камянёў шкоды не наносіць, арыгінальныя муры Вітаўта захаваюцца. Праблема ў тым, што калі пазней дабудуюцца вялізныя сцены, вежы, тыя схаваныя пад сучаснай цэглай муры ўжо ніхто адкрываць не будзе”.

Гісторык упэўнены, што будаўнікі фальсіфікуюць вобраз Старога замка. Маўляў, у Гродне зараз ідзе не “рэканструкцыя”, а будаўніцтва “замка мары”, і аўтэнтыка гістарычнага аб’екта знішчаецца.

Муры Старога замка закладаюць цэглам

Галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі Старога замка Алег Шымбарэцкі пацвярджае Еўрарадыё, што новая цэгла застанецца паверх замкавых муроў назаўжды. Спецыяліст дадае, што яна будзе адтынкаваная.

Як жа так?

“Можна шмат казаць і разважаць на гэты конт, — каментуе сітуацыю старшыня Беларускага таварыста аховы помнікаў Антон Астаповіч. — Але праектная дакументацыя зацверджаная, і ўсё робіцца, на жаль, у адпаведнасці з ёй. Па першай чарзе рэстаўрацыі мы ўжо нічога не зробім, таму трэба думаць пра другую і трэцюю. А зараз мы губляем энергію, бо нічога ўжо не змяніць”.

Астаповіч дадае, што гэта сістэмная хвароба, бо ў краіне “рэстаўрацыя адсутнічае як такая, ёй можа займацца і жук, і жаба”, а пры гэтым працы выконваюцца па агульнабудаўнічых нарматывах. А Стары замак у Гродне, на думку Астаповіча, гэта не апошні аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, з “рэканструкцыяй” якога мы вымушаныя будзем змірыцца.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі