Савет Еўропы заклапочаны ператрусамі ў офісах беларускіх СМІ

07/08/2018 - 15:43

Ператрусы, якія адбыліся 7 жніўня на офісах інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і навінавага партала tut.by, выклікалі хуткую рэакцыю з боку Савета Еўропы. Адпаведную заяву абнародаваў Даніэль Хёльтген, афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Савета Еўропы.

Ператрусы ў беларускіх журналістаў выклікалі вялікую заклапочанасць у Савеце Еўропы, гаворыцца ў заяве. "Больш за тое, некаторыя з закранутых СМІ з'яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі, супрацоўнікі якіх вядомыя як прафесіяналы высокага ўзроўню. Заканадаўства выконваць неабходна, але расследаванні не заўсёды патрабуюць арыштаў, да якіх варта звяртацца ў якасці апошняга сродку", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Прадстаўнік генсакратара Савета Еўропы заклікае беларускіх следчых да аператыўнага і празрыстага расследавання. Таксама ён лічыць неабходным вызваліць усіх затрыманых журналістаў. "Свабода СМІ з'яўляецца адным з самых важных правоў чалавека ў дэмакратычным грамадстве. Яго неабходна паважаць паўсюль у Еўропе", — гаворыцца ў заяве.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі