Самыя ўплывовыя беларускі: топ-22 ад Еўрарадыё

30/05/2018 - 15:11

Да Сусветнага дня фемінізму Еўрарадыё склала спіс з 22 самых уплывовых беларусак. Мы прыгадалі жанчын, паспяховых у бізнесе, мастацтве, грамадскай дзейнасці і іншых сферах. Адны з іх змяняюць да лепшага жыццё краіны (ці, наадварот, спрыяюць "стабільнасці"), дзякуючы іншым пра Беларусь ведае ўвесь свет!

Гэта суб’ектыўны і няпоўны топ. Прапаноўвайце ў каментарыях тых, кім варта было б яго дапоўніць. Неўзабаве мы знойдзем нагоду скласці другую частку спіса. А пакуль заражайцеся гонарам за беларускіх жанчын.

Святлана Алексіевіч

Пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Cвятлана Алексіевіч прыйшла ў літаратуру з журналістыкі. Яе кнігі сталі вынікам бясконцых размоў з людзьмі, якіх прынята называць звычайнымі. Менавіта яны апынуліся носьбітамі пранізлівага погляду на галоўныя падзеі ХХ стагоддзя: Другую сусветную вайну, вайну ў Афганістане, Чарнобыльскую катастрофу, будаўніцтва і развал СССР. А Алексіевіч стала адной з нешматлікіх беларускіх жанчын, вядомых ва ўсім свеце.

Чаму Святлана?

Таму што прыйшла да поспеху і сусветнага прызнання.

Наталля Качанава

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Да пераезду ў Мінск Наталля кіравала на “малой радзіме” — была старшынёй Наваполацкага райвыканкама. Пасля паспела папрацаваць віцэ-прем’еркай па сацыяльных пытаннях. Не бяромся адказваць, наколькі паспяхова, але, пэўна, кіраўніцтву спадабалася, і чарговая прыступка на кар’ернай лесвіцы была адоленая.

Замужам, мае дзвюх дарослых дачок. Яны кажуць, што стараюцца не афішаваць, кім працуе іх маці.

Чаму Наталля?

Каб чыноўнікі-мужчыны зайздросцілі ёй яшчэ больш.

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнага Выбарчага Камітэта.

Адказная за правядзенне выбараў у Беларусі з 1996 года. Змяніла на гэтай пасадзе Віктара Ганчара, які праз тры гады знік без звестак і дагэтуль не знайшоўся.

Чаму Лідзія?

Ну вы ж самі ўсё разумееце.

Саша Раманава

Пісьменніца, кіраўніца медыябізнесу

Шчырая і рэзкая, Саша Раманава здзіўляла “селебаў” нечаканымі і нязручнымі пытаннямі тады, калі Юрый Дудзь яшчэ і не думаў пра ўласны блог на Youtube. Дэвізам “сайта меркаванняў” KYKY.org, на якім яна працавала галоўным рэдактарам, стала фраза “Пра ўсё, што выбівае табурэтку з-пад сракі”. У 2016 годзе Раманава правяла паспяховую краўдфандынгавую кампанію і выпусціла кнігу “Асцярожна, Марцаў!” — аўтарскую біяграфію Пятра Марцава, аднаго з самых заўважных беларускіх бізнесоўцаў 1990-х. А пасля стала дырэктаркай кампаніі “Мінт медыя”, якая выдае ўжо згаданую “Кукушку” і беларускую версію лайфстайл-праекта the Village.

Чаму Саша?

Таму што дзёрзкая і заўважная.

Фота: baj.by

Ганна Чыстасердава

Сазаснавальніца, саўладальніца, арт-дырэктарка, куратарка і менеджарка праектаў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.

Ганна, фінансіст па адукацыі, з фондавым рынкам жыццё так і не звязала. Затое адразу пасля заканчэння ўніверсітэта адкрыла разам з Валянцінай Кісялёвай маленькую галерэю сучаснага мастацтва ў легендарнай у 2000-я гады краме “Падземка”. Праз шэсць гадоў Ганне стала цесна ў сутарэннях на Незалежнасці, 43. Так нарадзілася ідэя галерэі “Ў”, дзе Ганна зладзіла безліч выставаў, дыскусій і адукацыйных курсаў.

Чаму Ганна?

Таму што яна прынесла беларускай культуры больш карысці, чым Мінкульт.

Каця Іванчыкава

Спявачка, кампазітарка, аўтарка тэкстаў

Каця — дзяўчынка з Чавусаў, якая спявала дуэтам з Сержам Танкянам з System Of a Down. А перад тым стала фронтвуман гурта IOWA, кліпы якога маюць сотні мільёнаў праглядаў на Youtube.

Чаму Каця?

Таму што пакуль Беларусь не нарадзіла новага Альгерда, каб скарыць Маскву, гэта робіць Каця Іванчыкава. Ну і крыху за радок “Гэта не жарты, мы разам селі ў трактар”!

Ніна Багінская

Пенсіянерка

Ніна Багінская — пенсіянерка, былая выкладчыца геаграфіі і, бадай, самая вядомая ўдзельніца пратэстных акцый у Мінску. З сабой яна заўсёды мае бел-чырвона-белы сцяг. За ўдзел у мітынгах ўлады прысудзілі Ніне шматтысячныя штрафы, канфіскавалі лецішча. Але Ніна нічога не баіцца. Яна выходзіць на акцыі нават адна, а калі затрымліваюць, вучыць міліцыянтаў беларускім песням і расказвае ім пра любімую геаграфію.

Чаму Ніна?

Бо ніхто не трымае бел-чырвона-белы сцяг с такой годнасцю, як яна.

Аляксандра Герасіменя

Плыўчыха

У секцыю па плаванні запісалася ў чацвёртым класе, на піку кар’еры перажыла дыскваліфікацыю за допінг, але здолела не проста вярнуцца ў вялікі спорт, а ўзяць два “срэбры” на Алімпіядзе-2012. Саша Герасіменя — выбітная спартоўка, але мы любім яе не толькі за гэта. У тым жа 2012-м яна ледзь не першай у беларускім спорце прызналася ў сімпатыях да бела-чырвона-белага сцяга, удзельнічае ў шматлікіх дабрачынных праектах, пра адзін з якіх вы прычытаеце на Еўрарадыё ў самы бліжэйшы час!

Чаму Аляксандра?

Таму што менавіта яна сказала гэтыя словы: “З пункту гледжання эстэтыкі, бел-чырвона-белы, вядома, больш сімпатычны. Ды і гісторыя ў яго куды больш багатая і насычаная — Вялікае княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясвіж. Мне не хочацца думаць пра тое, што Беларусь вядзе адлік з 1917 года і ганарыцца тым, што мы чэмпіёны свету па колькасці вуліц Леніна, Маркса, Энгельса і яшчэ бог ведае каго, хто ў нас ніколі не быў”.

Крысціна Вязоўская

Псіхолаг, псіхатэрапеўт

Крысціна пакутуе на мігрэнь і жыве з біпалярным расстройствам. Хваробы не перашкаджаюць ёй бегаць марафоны. Яна пераможца, і ў сваёй школе для маці “Кісларод” вучыць іншых жанчын перамагаць абставіны і разумець сябе.

Чаму Крысціна?

Таму што час ужо некаму расказаць беларускам, як важна любіць і цаніць сябе.

Ганна Бонд

Мадэль, журналістка, шоу-вуман

Ганна Бонд — жанчына, якая арганічна глядзіцца і на нацыянальным ТБ, і вярхом на слане, і ў рэпартажы з правінцыйнага клуба, і ў студыі Еўрарадыё, дзе не раз дыскутавала па самых вострых пытаннях. Для яе і Сяргея Чалага перамагчы ў спрэчцы не праблема — адказваем!

Чаму Ганна?

Гэта ж наш спіс, можам сабе дазволіць дадаваць у яго тых, хто нам падабаецца. 

Фота: Георгій Шчарбакоў

Юлія Гадунова

Блогерка

Юліі Гадуновай 19 гадоў. У сваім блогу яна распавядае пра Новы год у Парыжы, сваю вопратку, пра адносіны з бойфрэндам (таксама папулярным блогерам) і пра тое, што яна суперзорка. І мае пры гэтым больш за мільён падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Вось ён, дзіўны новы свет!

Чаму Юля?

Спытайце ў сваіх дзяцей, гэта ж яны яе галоўныя фанаты!

Юлія Слуцкая

Заснавальніца і старшыня Press Club Belarus

Юлія шмат гадоў была галоўнай рэдактаркай газеты “Камсамольская праўда”, кіравала Еўрарадыё, а праз некалькі гадоў заснавала Press Club Belarus, дзякуючы якому беларускія журналісты маюць магчымасць адукоўвацца, дыскутаваць і дзяліцца досведам з калегамі з усяго свету.

Чаму Юлія?

Таму што будучыня беларускай журналістыкі залежыць ад таго, што яна робіць для нас з вамі цяпер.

Ганна Канапацкая

Палітык, дэпутатка

Калі Ганна Канапацкая разам з Вольгай Анісім была абраныя ў Палату прадстаўнікоў, шмат хто з прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці паставіліся да гэтага насцярожана. Але два гады працы расставілі ўсё па месцах. Ганна ўваходзіць у камісію па эканамічнай палітыцы, прыкладае значныя намаганні, каб бел-чырвона-белы сцяг быў нарэшце прызнаны культурнай каштоўнасцю, адстойвае правы журналістаў падчас абмеркаванняў новай рэдакцыі закона аб СМІ. Калі нехта ў “палатцы” галасуе супраць, — гэта, напэўна, Канапацкая!

Чаму Ганна?

Бо не саромеецца распавесці беларусам, што адбываецца за закрытымі дзвярыма “палаткі”, а дэпутатам — што насамрэч хвалюе беларусаў.

Зоя Луцэвіч

Мастачка, галерыстка

Zoya — мастачка і графік, здольная што заўгодна ператварыць у арт-аб’ект. Аднойчы яна выставіла ў Палацы мастацтваў расфарбаваныя бутэлькі, і глядзелася гэта вельмі крута! У продках Зоі — Янка Купала. Але, на жаль, беларусы рэдка бачаць яе працы, Зоя Луцэвіч больш вядомая за мяжой, чым на радзіме.

Чаму Зоя?

Таму што такога постімпрэсіянізму вы не ўбачыце больш нідзе і ні ў каго.

Людміла Антаноўская

Бізнес-вуман, выкладчыца, альпіністка

У спісе з 200 самых паспяховых бізнесоўцаў Беларусі Людміла займае 42 месца. Яна валодае некалькімі прадпрыемствамі, што распрацоўваюць абсталяванне для радыяцыйнага маніторынгу, выкладае ў “Бізнес-школе ІПМ”, гадуе дзяцей. І адначасова паспявае скараць яшчэ і горныя вяршыні: Цугшпітцэ, Фудзіяму, Манблан, Кала-Патар, Эльбрус, Кіліманджара, Аканкагуа.

Чаму Людміла?

Бо насуперак беларускай рэальнасці руліць бізнесам у шматлікіх краінах і знаходзіць час, каб падзяліцца досведам з іншымі.

Руся

Спявачка, выкладчыца тэхнікі голасу

Чароўны голас Русі пазнаюць нават тыя, хто нічога не ведае пра яе музычныя праекты. Ім размаўляюць вакзалы, банкаматы, запраўкі і шматлікія героі кіно і мультоў.

Але ў наш спіс Руся трапіла менавіта за музыку. Раней Indigа i Akana, цяпер Shuma і Kazalpin — назвы змяняюцца, а сутнасць застаецца. Руся здолела прынесці беларускую архаічную культуру на модныя вечарыны ды ў клубы і прымусіць тусоўшчыкаў спяваць прабабуліны песні.

Чаму Руся?

Таму што даўно пара было паказаць беларусам іх карані.

Фота: Bolshoi

Марына Золатава

Галоўная рэдактарка TUT.by

Марына Золатава — абсалютна не “медыйны” чалавек. Яна робіць сваю працу незаўважна, седзячы ў куце вялікага ньюсрума, за сталом з двума маніторамі, за якімі яе зусім не бачна. А яшчэ Марына — шчаслівая маці і фанатка бегу. Але, сустрэўшы яе ў горадзе на прабежцы, вы ніколі не здагадаецеся, што перад вамі рэдактарка самага ўплывовага СМІ ў Беларусі.

Чаму Марына?

Таму што яна бездакорная прафесіянал.

Ірына Альхоўка

Гендарная даследчыца, феміністка

Ірына — кіраўніца аб’яднання “Гендарныя перспектывы”, сябра Нацыянальнай рады па гендарнай палітыцы пры Савеце міністраў. Для беларускіх СМІ яна галоўны эксперт па пытаннях дыскрымінацыі, гендарнай несправядлівасці, абароны правоў жанчын. І гэтыя размовы падмацаваныя рэальнай справай — прасоўваннем у Беларусі антыдыскрымінацыйнага закона.

Чаму Ірына?

За тое, што ўмее казаць пра фемінізм так, што нават самыя зацятыя шавіністы зразумелі, што быць феміністам насамрэч крута.

Таццяна Заміроўская

Музычная крытык, журналістка, пісьменніца

Таццяна валодае выключным музычным густам і пачуццём стылю, і ведае пра музыку абсалютна ўсё. Стойка трывае абвінавачанні ў тым, што беларуская музычная крытыка нікому не патрэбная і працягвае разважаць пра асаблівасці нашага шоў-бізу. Пры гэтым Таццяна ўпэўненая, што беларусам увогуле ні яе, ні любое меркаванне не патрэбнае, бо ўсе і самі ўсё ведаюць.

Апошнія тры гады Таня жыве ў Н’ю-Ёрку. Скончыла магістратуру мастацтва Bard College, піша калонкі і апавяданні і прадае свечкі ў буціку. Нядаўна туды забегла сама Florence Welch, але Таня пашкадавала аддаць ёй свечку проста так. А потым пашкадавала, што пашкадавала.

Чаму Таццяна?

Таму што любы замежнік, пазнаёміўшыся з Таняй, зразумее, што беларусы разумныя і таленавітыя.

Фота з сацыяльных сетак

Ніка Сандрас

Мастачка, выкладчыца, блогерка

Некалі Ніка ўзначальвала аддзел рэкламы міжнароднай карпарацыі і працавала з ранку да ночы ў офісе. А потым вырашыла займацца толькі любімай справай. Цяпер мастачка жыве паміж Мінскам і Варшавай, вучыць мінчукоў і варшавян праяўляць сябе праз маляванне. Праводзіць арт-тэрапію для жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту, стварае калекцыі адзення сумесна з Mark Formell, малюе вокладкі для альбомаў музыкаў і афармляе кнігі самому Горвату!

А яшчэ Ніка піша. Смела, іранічна і без сантыментаў каментуе наша сёння, дзеліцца ўласнымі гісторыямі жыцця і не саромеецца нецэнзурнай лаянкі.

Чаму Ніка?

Таму што яна ўмее маляваць мімімішных лісянят, і ў той жа час абяцае “за**аць зло аптымізмам”.

Вольга Гарбунова

Кіраўніца грамадскага аб’яднання “Радзіслава”, феміністка

Вольга нарадзілася ў шчаслівай сям’і, але праз нейкі час бацька пачаў піць і збіваць маці. Сітуацыя ўразіла Вольгу, яна паступіла на псіхолага і напісала дыплом на тэму хатняга гвалту. А потым вырашыла дапамагаць жанчынам, і займаецца гэтым 15 гадоў.

У любы момант на яе нумар можа пазваніць ахвяра хатняга гвалту, Вольга сядае за руль ці на ровар і едзе засяляць пацяплелых у прытулак. Вольга працуе з міліцыянерамі, суддзямі, дактарамі, псіхолагамі і ўваходзіць у склад асобаў, якія распрацоўвалі канцэпцыю праекта закона аб хатнім гвалце.

Чаму Вольга?

Таму што яна ўмее дапамагаць.

Кацярына Сінюк

Журналістка, рэдактарка, стваральніца платформы “Имена”

Пачала друкавацца ў буйных СМІ яшчэ ў дзявятым класе брэсцкай школы. Пасля яе артыкула ўлады Брэста навялі парадак у шэрагах скінхэдаў. Зацвердзіла сябе як высакакласная журналістка, выдаючы расследаванні кшталту “Справы педафілаў”.

У нейкі момант вырашыла займацца “актыўнай журналістыкай з чалавечым тварам” і стварыла платформу “Имена”. Платформа не толькі ўздымае праблемы, але і знаходзіць выхад з іх.

Чаму Кацярына?

Таму што, дзякуючы Каці, цяпер хворыя дзеці ў інтэрнатах ядуць патрэбнае ім энтэральнае харчаванне, а немаўлят, ад якіх адмовіліся бацькі, у бальніцах даглядаюць добрыя нянькі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі