Самая цяжкая бітва і першы мільярд дапамогі ЗША — 106-я раніца вайны ва Украіне

09/06/2022 - 07:21
Украінскія вайскоўцы ў Данецкай вобласці / Reuters 

Ноччу расияне нанеслі некалькі ўдараў па тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў раніцай кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Паводле яго слоў, расійскія войскі пяць разоў атакавала Зеленадольскую грамаду, выкарыстоўвалі артылерыю. Ёсць разбураныя дома, але ахвяр няма.

Працягваюцца баі ў Севераданецку — гэта Луганская вобласць. Кіраўнік мясцовай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай піша, што "расіяне працягваюць беспаспяховыя пошукі слабых месцаў у абароне Севераданецка, адначасова расстрэльваючы мірныя кварталы і аб'екты прамысловасці Луганшчыны". Двойчы ўчора ўвечары ўдарылі па Севераданецкім аб'яднанні "Азот". Пашкоджаныя два цэхі, у тым ліку цэх па вытворчасці аміяку.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў бітву за Севераданецк адной з самых цяжкіх на працягу ўсёй вайны. Па яго словах, Севераданецк застаецца эпіцэнтрам супрацьстаяння на Данбасе.

"Шмат у чым менавіта там цяпер вырашаецца лёс нашага Данбаса", — лічыць Зяленскі.

Акрамя баёў у Севераданецку, расійскія войскі адначасова спрабуюць абыйсці ўкраінскія пазіцыі ў гэтым рэгіёне з флангу, каб пазбегнуць неабходнасці фарсіравання ракі Северскі Данец. Такую выснову робяць у Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Акрамя таго, расіяне працягваюць аперацыі вакол Святагорска і на захад ад Лімана — у разліку на злучэнне тут з іншымі часткамі на паўднёвы ўсход ад Ізюма. Каб потым агульнымі намаганнямі наступаць на Славянск.

Расійскія войскі сталі таксама больш актыўнымі на паўночным захадзе Херсонскай вобласці. Гэта рэакцыя на нядаўнія украінскія контратакі, лічаць у Інстытуце вывучэння вайны.

Тым часам кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь кім мяркуе, што расіяне ў бліжэйшыя месяцы могуць пачаць наступ на Мікалаеў і Запарожжа.

"Я думаю, у іх ёсць некаторыя магчымасці для наступу на  Запарожжа і Мікалаеў. Але пакуль мы не бачым ні перагрупоўкі, ні вялікіх навал войскаў для нападу", сказаў Кім у каментары для Reuters. Паводле яго слоў, цяпер усё рухаецца вельмі павольна, але сітуацыя можа пачаць развівацца і вельмі хутка.

Карта баявых дзеянняў па стане на 8 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

Украіна ўжо пачала атрымліваць першыя траншы з 40 мільярдаў долараў дапамогі ЗША. Пра гэта заявіла прызначаны амбасадар ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк. Па яе словах, "прыбыла прамая падтрымка ў памеры 1 мільярда даляраў". Яшчэ 7,5 мільярда долараў грантавай дапамогі павінны паступіць у бліжэйшы час. Брынк таксама падкрэсліла, што цяпер прапрацоўваецца пытанне аб паскарэнні аказання дапамогі Кіеву.

У ААН, тым часам, ацэньваюць перспектыву разблакоўкі ўкраінскіх партоў — гэта неабходна, каб вывезці збожжа. Нават калі гэты шлях будзе ўзгоднены, размініраванне ўкраінскіх партоў можа заняць не адзін месяц, піша Bloomberg.

"Нават калі парты захочуць адкрыцца заўтра, спатрэбіцца некаторы час, перш чым караблі змогуць увайсці або выйсці. На поўнае абясшкоджванне марскіх мін у партовых раёнах сыдзе некалькі месяцаў", — прыводзіць агенцтва словы спецыяльнага дарадцы па марской бяспецы Міжнароднай марской арганізацыі Піцера Адамса.

Пытанне пра вываз ўкраінскага збожжа абмяркоўвалі ўчора кіраўніка МЗС Расіі і Турцыі. Анкара гатовая паспрыяць у вырашэнні гэтага пытання. Кіраўнік турэцкага МЗС Меўлют Чавушаглу распавёў па выніках сустрэчы, што Расія гатовая гарантаваць бяспеку ўкраінскіх судоў з збожжам, але ў яе ёсць ўмова — зняць санкцыі з расійскага экспарту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі