Росатам: Увод блока на БелАЭС могуць адкласці на паўгода

16/09/2016 - 05:22

Замена корпуса рэактара на Беларускай АЭС прывядзе да адтэрміноўкі ўводу блока як мінімум на паўгода. Пра гэта заявіў журналістам першы намеснік кіраўніка “Росатама” Аляксандр Лакшын у кулуарах World Nuclear Association (WNA) Symposium — 2016 у Лондане.

“Гэта адкідвае нас як мінімум на паўгода, а то і больш, назад па тэрмінах уводу блока”, — сказаў ён, каментуючы сітуацыю з заменай корпуса. “Цяпер якраз мы ўзгадняем з заказчыкам новы графік, дзе і вызначаецца, наколькі мы змяшчаем тэрмін пуску”, — цытуе Лакшына ТАСС.

Ён растлумачыў, што ніякіх праблем з выбарам іншага корпуса для замены няма. “У нас завяршальны этап вырабу корпуса другога рэактара (гэтай жа станцыі)”, — нагадаў Лакшын. Ён таксама адзначыў, што, акрамя таго, ёсць і корпус, прызначаны для Балтыйскай АЭС.

У далейшым корпус першага рэактара, замяніць які папрасіў беларускі бок, можа быць выкарыстаны для іншых праектаў і “з пункту гледжання ядзернай бяспекі ў нас ніякіх сумневаў няма”, падкрэсліў топ-менеджар. Напрыклад, ён можа быць выкарыстаны на Ленінградскай АЭС.

Корпус рэактара Беларускай АЭС у Астраўцы паваліўся падчас пробнай трэніровачнай устаноўкі: 330-тонны агрэгат па невядомай прычыне сарваўся і абрынуўся з вышыні некалькіх метраў. Здарэнне адбылося 10 ліпеня, аднак улады не каментавалі яго болей за два тыдні. Паведамленне пра інцыдэнт трапіла ў СМІ і выклікала бурную рэакцыю ў грамадстве. Пасля гэтага было прынятае рашэнне аб замене корпуса рэактара, хоць паведамлялася, што ён захаваў цэласнасць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі