Ролік "Беларусь. Звыш за чаканне" каштаваў 29 990 рублёў

25/01/2017 - 09:22

Рэкламны ролік для Дзяржаўнай установы "Нацыянальнае агенцтва па турызме" каштаваў 29 990 рублёў —15 549 долараў па курсе Нацбанка на дзень падпісання дамовы. Згодна з сайтам icetrade.by, тэндар выйграла прыватнае прадпрыемства "ВАРВІС".

За гэтыя грошы павінныя стварыць: адзін пяціхвілінны відэаролік (асноўны відэаролік); адзін троххвілінны відэаролік (нарэзка асноўнага відэароліка); пяць 30-секундных відэаролікаў (таксама нарэзка асноўнага відэароліка).

Пакуль свет пабачыў толькі асноўны ролік на 5 хвілін — "Беларусь. Звыш за чаканне". Менавіта так, з памылкай, называецца ролік. Згодна са слоўнікам Крапівы, правільна пісаць "звыш чакання".

Ролік, разлічаны на рэкламу Беларусі за мяжой, зроблены толькі на беларускай мове і нават не мае субтытраў на іншых мовах.

Былі іншыя прапановы, але пераможцам абралі самы дарагі варыянт.

ЧУП "ВАРВИС" — 29 990

ООО "Грин Медиа продакшн" — 22 200

ЧУП "СТУДИЯ Р-2" — 29 700

ЧУП "Промофильм" — 27 000

ООО "Гениальный штаб" — 24 700

Распрацоўка сайта Belarus.travel каштавала 26 700 рублёў. Перамог на конкурсе прыватны прадпрымальнік Тамашэвіч Мікалай Аляксандравіч. За гэтыя грошы трэба было зрабіць сайт на рускай, беларускай, англійскай, польскай і нямецкай мовах, таксама для прасоўвання турыстычных магчымасцяў Беларусі за мяжой. Але на сённяшні дзень мы бачым толькі рускамоўны сайт.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі