Лідар ліберальнай польскай партыі “Вясна”, еўрадэпутат Роберт Бедрань стаў кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента ў справах Беларусі. Дэлегацыя распачне працу ў канцы лістапада.
Заяўляючы кандыдатуру Бедраня, еўрадэпутат і лідар польскіх сацыял-дэмакратаў Лешак Мілер выказаў упэўненасць, што ён мае найлепшыя якасці для гэтай пасады. Ці так гэта? Мы сабралі пяць фактаў пра Бедраня і… здаецца, Аляксандру Лукашэнку ён не спадабаецца.
“Вясна” — новая партыя. Яе афіцыйная прэзентацыя адбылася толькі сёлета. У ліберальны парадак дня, які прасоўвае Бедрань, уключанае абмежаванне ролі каталіцкай царквы ў польскай палітыцы і большае раздзяленне Касцёла і дзяржавы. Таксама палітык прапануе лібералізацыю закона супраць абортаў. Усё гэта вельмі разыходзіцца з парадкам дня, які прапануе палякам кансерватыўная кіруючая партыя “Права і справядлівасць”.
Роберт Бедрань — адкрыты гей, які ўжо шмат гадоў жыве ў шлюбе і выступае за легалізацыю аднаполых шлюбаў у Польшчы. На радзіме палітык цярпеў пераслед і нават быў збіты на глебе гамафобіі. У Беларусі прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці таксама збіваюць на вуліцах, яны знаходзяцца пад ідэалагічным ціскам. Гамафобныя выказванні ў розны час дазвалялі сабе кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка і экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
“Захаванне правоў чалавека ў Беларусі — ключавое пытанне”, — сказаў Бедрань адразу пасля абрання кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі.
У 2014 годзе Бедрань выйграў выбары мэра ў горадзе Слупску на поўначы Польшчы, набраўшы 57% галасоў. Сваю кампанію палітык пабудаваў на тым, што ён “не тутэйшы” — то-бок не мае ў рэгіёне карупцыйных сувязяў. На пасадзе мэра Бедрань адмовіўся ад службовага аўтамабіля і пазбавіў работнікаў ратушы даплат на бензін, а фінансавую справаздачнасць муніцыпалітэта стаў публікаваць на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.
Так кажуць у тым ліку і таму, што Бедрань узначаліў дэлегацыю Еўрапарламента па справах Беларусі. Але ёсць у Польшчы і сілы, якія бачаць у 43-гадовым Бедраню рэальнага кандыдата на пасаду прэзідэнта краіны. Выбары пройдуць у 2020 годзе.
Цяпер Еўрапарламент не падтрымлівае афіцыйных стасункаў з парламентам Беларусі, але там спадзяюцца, што пасля лістападаўскіх выбараў у нашай краіне ўзаемадзеянне адновіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.