RIP-ліст: галоўныя страты 2019 года

30/12/2019 - 15:02
pexels.com

2019 год забраў многіх годных людзей. Успамінаем знакамітых суайчыннікаў (і не толькі), якіх мы страцілі.

Юры Туронак

2 студзеня ў Польшчы на ​​90-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі гісторык Юры Туронак. Яго доктарская дысертацыя "Беларусь пад нямецкай акупацыяй" была абаронена ў Варшаве ў 1986-м. Аднайменная кніга выходзіла па-беларуску ў 1993 годзе ў Мінску. Туронак — аўтар прац пра беларускі рух у ХХ стагоддзі, перш за ўсё падчас Другой сусветнай вайны.

Васіль Сёмуха

3 лютага памёр перакладчык Васіль Сёмуха. Яму было 83 гады. Дзякуючы яму мы можам прачытаць на беларускай мове Біблію, "Фаўста" Гётэ і "Доктара Фаўстуса" Томаса Мана, "Так сказаў Заратустра" Фрыдрыха Ніцшэ, "Голэма" Густава Майрынка, "Парфуму" Патрыка Зюскінда і многае іншае.

Уладзімір Анцулевіч

У лютым на 64-м годзе жыцця памёр актывіст Беларускага народнага фронту Уладзімір Анцулевіч. У 1992 годзе Анцулевіч быў кіраўніком ініцыятыўнай "фронтаўскай" групы, якая сабрала сотні тысяч подпісаў за арганізацыю рэферэндуму аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет — каб там стала менш камуністаў. Гэта магла б быць альтэрнатыўная гісторыя Беларусі: дэпутат Лукашэнка страчвае месца ў парламенце, не ідзе на выбары ў 1994 годзе... Але рэферэндум не прайшоў.

Андрэй Заспіцкі

У сакавіку памёр беларускі скульптар Андрэй Заспіцкі. Яму было 95 гадоў. Ён аўтар помнікаў Адаму Міцкевічу на вуліцы Гарадскі Вал у Мінску і Францыску Скарыну ў Полацку, надмагілля на магіле Янкі Купалы на Вайсковых могілках і многіх іншых. Заспіцкі — лаўрэат дзяржпрэмій БССР і СССР.

Юрый Бліноў

21 красавіка ў Гомелі падчас забегу на 21 кіламетр памёр вядомы піяніст і сузаснавальнік футбольнага клуба "Крумкачы" Юрый Бліноў. 43-гадовы паўмарафонец не дабег да фінішу ўсяго пяць метраў. Падчас забегу яму стала дрэнна. Медыкі, якія дзяжурылі на марафоне, не змаглі яго выратаваць.

Леанід Нарушэвіч

У чэрвені пайшоў з жыцця музыкант і лідар гурта "Князь Мышкін" Леанід Нарушэвіч. Яму было 55 гадоў. Гурт інтуітыўнай імправізацыі "Князь Мышкін" вядомы з 1991 года. У ёй у свой час ігралі ўдзельнікі "Троіцы" Іван Кірчук і Юрый Паўлоўскі, лідар Zartipo Андрэй Іваноў, паэт і музыка Віктар Сямашка.

Леанід Гарай

У жніўні памёр вядомы беларускі футбаліст, заслужаны трэнер Беларусі Леанід Гарай. З 1978 года амаль 20 гадоў ён быў начальнікам мінскага "Дынама". Яму было 82 гады.

Уладзімір Замяталін

У ліпені памёр Уладзімір Замяталін, ідэолаг Аляксандра Лукашэнкі ў 1990-я гады. Сёлета ў траўні яму споўніўся 71 год. Замяталін узначальваў прэс-службу Саўміна, потым стаў віцэ-прэм'ерам, а следам намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказным за ідэалогію. Гады яго кіраўніцтва адзначыліся ўзмацненнем ціску на прабеларускую інтэлігенцыю.

Леанід Дайнека

Ва ўзросце 80 гадоў памёр пісьменнік Леанід Дайнека. Ён быў выдатным паэтам і празаікам. За гістарычныя раманы "Меч князя Вячкі" і "След ваўкалака", напісаныя ў другой палове 1980-х, быў удастоены дзяржаўнай прэміі. Памёр 21 жніўня, пахаваны на Калодзішчанскіх могілках.

Пятро Васючэнка

25 жніўня памёр беларускі пісьменнік, мовазнаўца і выкладчык Пятро Васючэнка. Яму было 60 гадоў. Васючэнка — аўтар манаграфій і артыкулаў па праблемах беларускай літаратуры, некалькіх кніг прозы, зборніка п'ес "Маленькі збраяносец", кнігі паэзіі "Піраміда Ліннея".

Алег Пашак

13 снежня ў Мінску памёр бізнесмен, стваральнік фолк-фэсту "Камяніца" Алег Пашак. Фестываль "Камяніца" праводзіўся з 2009 года. Месцам яго правядзення стаў Музей беларускай народнай архітэктуры і побыту ў пасёлку Азярцо пад Мінскам.

Уладзімір Цыплакоў

14 снежня ва ўзросце 50 гадоў памёр Уладзімір Цыплакоў — адзін з найлепшых хакеістаў у гісторыі Беларусі. Кар'еру хакеіста пачаў у 1985 годзе ў яраслаўскім "Тарпеда", але неўзабаве перайшоў у мінскае "Дынама". Там ён гуляў пяць сезонаў — да ад'езду за акіян, дзе правёў некалькі нядрэнных сезонаў за "Лос-Анджэлес Кінгс" і "Бафала Сэйбрз". Заканчваў кар'еру ў расійскіх "Ак Барс" і ЦСКА.

Захар Кудзін

29 снежня стала вядома пра смерць беларускага мастака Захара Кудзіна. Яму было ўсяго 33 гады. Ён займаўся скульптурай, жывапісам, дыджытал-мастацтвам. Свой кірунак вызначаў як "нейра-арт".

У 2019 годзе мастак сыграў галоўную ролю ў фільме "Чыстае мастацтва", які ўдзельнічаў у кінафестывалі "Лістапад" і атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру на міжнародным фестывалі "Артдокфэст" у Рызе.

Але варта ўспомніць не толькі беларусаў, але і іншых выдатных асоб, для якіх 2019 год стаў апошнім.

 

Кіт Флінт

Вакаліста гурта The Prodigy знайшлі 4 сакавіка мёртвым ва ўласным доме. Пазней стала вядома, што ён скончыў жыццё самагубствам. Яму было 49 гадоў. Падчас пахавання труну з целам музыканта неслі да дзвярэй царквы пад песню гурта System of a Down, а фанаты музыканта зладзілі стыхійны рэйв на вуліцах гарадка, дзе пахавалі Флінта.

Мары Фрэдрыксан

Салістка поп-рок дуэта Roxette памерла 9 снежня ва ўзросце 61 года. У 2002 годзе ў спявачкі выявілі аперабельную пухліна мозга, некалькі гадоў ёй спатрэбілася на рэабілітацыю. Але ў 2016 годзе па патрабаванні дактароў яна спыніла канцэртную дзейнасць.

Дэцл

Расійскі рэпер Дэцл (сапраўднае імя — Кірыл Талмацкі) памёр 3 лютага з-за спынення сэрца. Яму было 35 гадоў. Аднак многія фанаты не вераць у смерць расійскага рэпера. Дэцл неаднаразова казаў у інтэрв'ю, што хоча падстроіць сваю смерць у 35 і знікнуць. "Інсцэнаваць сваю смерць у 35 гадоў і паехаць жыць на востраў. Засталося некалькі гадоў — трэба падумаць над гэтай тэмай", — казаў расійскі рэпер у 2015 годзе. Спадзяёмся, што зараз ён тусіць дзе-небудзь побач з Элвісам.

Жак Шырак

Жак Шырак, 22-і прэзідэнт Францыі, памёр 26 верасня ў Парыжы ва ўзросце 86 гадоў. Цырымонія развітання прайшла 29 верасня ў Доме інвалідаў. Пахаваны з дзяржаўнымі і воінскімі ўшанаваннямі на могілках Манпарнас у Парыжы.

Карл Лагерфельд

Нямецкі мадэльер і фатограф, галоўны дызайнер і крэатыўны дырэктар моднага дома Chanel памёр 19 лютага ад раку падстраўнікавай залозы. Яму было 85 гадоў. Цела знакамітага мадэльера крэміравалі, а попел змяшалі з попелам яго маці і спадарожніка жыцця.

Аньес Варда

Ва ўзросце 90 гадоў у сваім парыжскім доме 29 сакавіка памерла знакамітая французская кінарэжысёр і сцэнарыст Аньес Варда. Стала першай жанчынай — уладальніцай "Ганаровай залатой пальмавай галіны" Канскага кінафестывалю. Яе пахавалі на могілках Манпарнас.

Георгій Данелія

Аўтар фільмаў "Кін-дза-дза!", "Міміно", "Я крочу па Маскве" і многіх іншых кінакарцін рэжысёр Георгій Данелія памёр 4 красавіка ад спынення сэрца ва ўзросце 88 гадоў у Маскве.

Рутгер Хаўэр

Акцёр Рутгер Хаўэр памёр 19 ліпеня ва ўзросце 75 гадоў пасля непрацяглай хваробы. Сваю вядомасць ён атрымаў дзякуючы фільму "Бегчы па лязе" 1982 года, дзе сыграў адмоўнага персанажа Роя Бэці.

Ганна Карына

Актрыса, якая стала сімвалам французскай новай хвалі, былая жонка Жан-Люка Гадара, якая знялася ў такіх яго фільмах, як "Жанчына ёсць жанчына", "Банда аўтсайдараў", "Альфавіль", "Шалёны П'еро" і многія іншыя. Ганна Карына памерла ад раку ва ўзросце 79 гадоў у суботу 14 снежня ў бальніцы ў Парыжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі