Расія будзе атакаваць Захад з тэрыторыі Беларусі — Статкевіч

27/02/2026 - 11:33

Мікалай Статкевіч

"Першы ўдар расійскіх войскаў будзе наносіцца з беларускай тэрыторыі і скіраваны супраць балтыйскіх краін". Такое меркаванне выказаў экс-палітвязень Мікалай Статкевіч у аналітычным артыкуле "Апакаліпсіс заўтра". Тэкст з'явіўся на яго тэлеграм-канале.

Статкевіч аналізуе вайсковую сітуацыю ў рэгіёне. Ён мяркуе, што асноўны ўдар расіяне нанясуць па Латвіі — ""каб дайсці да Рыгі ці да Рыжскай затокі і разрэзаць Балтыю на дзве часткі, з мэтай пазбавіць сілы, якія яе абараняюць, манёўру, і, прынамсі ва Усходняй Балтыцы, забеспячэння і падмацаванняў. Удар будзе наносіцца з раёна Полацку. Адначасова будзе нанесены ўдар з раёна Гародні ў кірунку Каўнаса і Клайпеды. Ён можа быць падмацаваны ўдарам расійскімі сіламі на Каўнас з тэрыторыі Калінінградскай вобласці, каб далей захапіць Клайпеду і не дапусціць скарыстання гэтага порта для падвозу падмацаванняў і ваеннага рыштунку. Яшчэ адзін удар можа быць нанесены з раёна Ашмянаў на Вільню з-за прываблівай блізкасці гэтага горада да мяжы".

Ён спасылаецца на тое, што падобным чынам развівалася савецкая аперацыя "Багратыён" у часы Другой сусветнай, а расійскія генералы любяць карыстацца савецкімі напрацоўкамі. Як прыклад ён згадвае, што расійская атака на Украіну таксама вялася паводле напрацовак часоў Другой сусветнай вайны — з той розніцай, што войскі "камфортна" зайшлі праз тэрыторыю Беларусі.

"Найбольш імаверным месцам расійскага ядзернага удару будзе Сувалкаўскі калідор, каб зрабіць немагчымым адпраўку праз яго падмацаванняў у Балтыю", — робіць далейшыя прагнозы Статкевіч. Ён мяркуе, што ў Беларусь завозяць ядзерную зброю толькі для таго, каб нанесці з нашай тэрыторыі першы прэвентыўны ўдар па Еўропе.

"А далей заходнія лідары пачнуць абмяркоўваць варыянты адказу. Куды біць у адказ - па тэрыторыі РФ, якая мае 1400 стратэгічных боегаловак, ці прыняць больш бяспечны варыянт удару па тэрыторыі, з якой прыляцелі ракеты? І ў іх будзе вялікая спакуса, на што разлічвае і Крэмль, выбраць апошні варыянт", — адзначае Статкевіч.

Мікалай Статкевіч у савецкім войску даслужыўся да падпалкоўніка, у 1991 годзе быў ініцыятарам стварэння Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі