"Рэжым НС для абгрунтавання большай жорсткасці": расшыфроўка Указа Лукашэнкі

25/11/2021 - 12:20
Удакладненне структуры аператыўна-сітуацыйных штабоў напярэдадні рэферэндуму — супадзенне? / Еўрарадыё

Ці можа Указ “Аб забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча”, нядаўна падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, стаць каталізатарам новага вітка рэпрэсій супраць нязгодных, але ўжо пад прыкрыццём закона?

— Можна цалкам абгрунтавана выказаць здагадку, што ў далейшым "змагацца з беспарадкамі" плануецца як і раней — у рамках так званай дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі яшчэ да або без увядзення НС, — піша ў сваім тг-канале ваенны эксперт Ягор Лебядок. — Увядзенне НС прынцыпова ў падыходзе да "барацьбе з беспарадкамі" нічога не зменіць. Рэжым надзвычайнага становішча будзе мець хутчэй палітычнае значэнне (адтэрміноўка выбараў/рэферэндуму, абгрунтаванне большай жорсткасці, для пэўных мер ва ўзаемадзеянні з міжнароднымі/замежнымі арганізацыямі і грамадзянамі і іх уласнасцю, і іншыя палітычныя хады), чым прынцыпова зменіць ужо апрабаваны падыход да падаўлення выступленняў без увядзення асаблівых рэжымаў.

Беларускія сілавікі падчас мірнай акцыі пратэсту. Мінск, 2020 / Еўрарадыё

Мяркуючы па змесце дакумента, ён закліканы размеркаваць функцыі і паўнамоцтвы органаў кіравання ў рэжыме надзвычайнага становішча.

— У жніўні-лістападзе мінулага года, як стала вядома з адказаў МУС і ўцечкі сакрэтнага ліста, сілавікі розных ведамстваў прыцягваліся ў рамках так званай дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі, — працягвае эксперт. — Палажэнне аб ёй зацверджана сакрэтным указам ад 2012 года (вельмі верагодна, зменена за мінулы год). Дзякуючы ўцечкам і рэзанансу ў грамадстве прававых аспектаў дзеянняў сілавікоў адсылка да гэтай сістэмы ў 2021 годзе была ўключана і ў адкрытае прававое поле — у законы аб "Надзвычайным становішчы" і "Аб Узброеных Сілах".

З указа №451 вынікае, што ў рамках дзяржаўнай сістэмы фарміруецца не толькі рэспубліканскі аператыўна-сітуацыйны штаб, але яшчэ і аператыўна-сітуацыйныя штабы (вобласці, горада, раёна). У выпадку ўвядзення рэжыму НС дадзеныя штабы пераўтворацца ў рэспубліканскі аб'яднаны аператыўны штаб і камендатуры адпаведна.

— Правы і свабоды беларусаў ужо даўно абмяжоўваюцца без усялякіх асобных законаў, і ў гэтым сэнсе чарговы ўказ не дадае новых абмежаванняў, — лічыць прадстаўнік па юрыдычных пытаннях Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк. — Папулярнаму палітыку няма неабходнасці ўводзіць надзвычайнае становішча, адгароджвацца ад народа штыкамі, прымаць акты, якія пашыраюць магчымасць прымяняць зброю ў мірны час. Мы не назіраем знешняй агрэсіі ў адрас Беларусі. Адпаведна, беларуская ўлада расцэньвае як найбольшую пагрозу саміх беларусаў.

Прыняцце падобных законаў кажа пра тое, што Лукашэнка і яго асяроддзе расцэньваюць узровень сваёй падтрымкі ў грамадстве як нізкі і спрабуюць засцерагчы сябе і сваю ўладу ў дадзенай сітуацыі як умеюць.

На думку Міхаіла Кірылюка, у цяперашняй палітычнай абстаноўцы такія заканадаўчыя акты ставяць мэтай прадастаўленне дадатковых правоў і магчымасцей для сілавікоў. А для астатніх беларусаў гэта мэсэдж, маўляў, улада не спыніцца перад ужываннем зброі, калі адчуе пагрозу ў свой адрас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі