Рэдактара “Виртуального Бреста” пакаралі “за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу”

20/08/2021 - 10:17

Рэдактара сайта “Виртуальный Брест” Андрэя Кухарчыка суд прызнаў вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкага матэрыялу". Яму прысудзілі штраф у 290 рублёў (10 базавых велічыняў) і пастанавілі канфіскаваць аргтэхніку, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Нагодай стала публікацыя на сайце пра затрыманне жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. У якасці ілюстрацыі было фота Гундара ў кашулі з арнаментам. Прадстаўнікі ГУБАЗіК палічылі, што ў арнаменце ёсць свастыка і падалі матэрыялы ў суд. 

16 чэрвеня суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў публікацыю на сайце экстрэмісцкім матэрыялам.

А праз некалькі тыдняў на Кухарчыка склалі новы пратакол — цяпер ужо за распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу. Прычым гаворка ішда ўсё пра тую ж публікацыю.

Пратакол некалькі разоў вярталі ў міліцыю на дапрацоўку. Урэшце 19 жніўня суд Маскоўскага раёна Брэста зноў прызнаў Кухарчыка вінаватым.

Дарэчы, з аргтэхнікай, якую суд пастанавіў канфіскаваць, могуць узнікнуць праблемы. Кухарчык на судзе паведаміў, што яе ў яго забралі яшчэ ў ліпені падчас ператрусу і дагэтуль не вярнулі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі