"Разумны горад" Сангдо ў Паўднёвай Карэі / Chris White
Беларускія ўлады прапанавалі паўдневым карэйцам пабудаваць "разумны горад" у Беларусі. Праўда, пакуль гаворка ідзе толькі пра асобны раён "інавацыйнага развіцця". Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Паўднёвакарэйскай карпарацыяй па развіцці замежнай гарадской інфраструктуры (KIND) і беларускім Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі быў падпісаны 25 жніўня.
Еўрарадыё паглядзела на паўднёвакарэйскі досвед будаўніцтва "разумных гарадоў" і іх крытыку.
Канцэпцыя разумнага горада з'явілася не так даўно. Імклівая глабальная ўрбанізацыя насельніцтва Зямлі прымушае навукоўцаў і тэарэтыкаў шукаць новыя рашэнні па развіцці гарадоў. Адным з рашэнняў праблемы глабальнага перанасялення стала канцэпцыя "разумнага горада".
У яе аснове ляжыць укараненне ў гарадскую структуру розных інтэлектуальных сістэм, інтэграваных з інтэрнэт-тэхналогіямі: разнастайных сэнсараў для прыёму і апрацоўкі інфармацыі, развітых сістэм збору звестак і спецыялізаванага праграмнага забеспячэння для аналітыкі.
Адзін з самых амбіцыйных праектаў сучаснасці — паўднёвакарэйскі "разумны горад" Сангдо, заснаваны ў 2000 годзе. Сумесны праект некалькіх буйных карпарацый: Gale International, POSCO E&C і Morgan Stanley Real Estate. Усімі інфармацыйнымі тэхналогіямі займаецца Cisco Services.
Горад пабудавалі цалкам "з нуля", цяпер ён плошчай шэсць квадратных кіламетраў. У ім жыве каля 80 тысяч чалавек, але плануецца, што пры аптымістычным заканчэнні праекта горад разрасцецца да 250 тысяч. Па апошніх звестках, кошт праекта ўжо перавысіла 40 мільярдаў долараў — што зрабіла яго адным з самых дарагіх у гісторыі.
Але Сангдо хоча стаць яшчэ і "самым разумным" горадам у свеце. Увесь горад абсталяваны адмысловымі датчыкамі, якія збіраюць і аналізуюць інфармацыю пра стан дарог, аўтамабільны рух, будынкі, патрэбу ў энергіі, расход вады і іншае.
Горад пачалі будаваць у 2005 годзе, да 2009-га здалі першыя аб'екты, у тым ліку натхнёны Сіднейскім оперным тэатрам выставачны комплекс Songdo Convensia і 12-кіламетровы мост, які напрасткі злучае аэрапорт Інчхон з востравам.
Сангдо так спраектаваны, што ў любую яго мясціну можна трапіць за 15 хвілін на ровары. Праекціроўшчыкі вырашылі адмовіцца ад гарадскога занавання, у Сангдо офісныя будынкі суседнічаюць з жылымі, на першых паверхах якіх размешчаны гандлёвыя зоны. Пры гэтым 40% агульнай плошчы Сангдо займаюць розныя "рэкрэацыйныя плошчы": скверы, паркі, плошчы і іншае.
Распрацоўшчык сеткавага абсталявання Cisco размясціў па ўсім горадзе разнастайныя датчыкі, падключыўшы да глабальнай адсочвальнай сеткі літаральна кожны сантыметр Сангдо. Звесткі з іх расказваюць пра стан дамоў, дарог, патрэбы ў энергіі і іншым.
Напрыклад, вулічныя камеры адсочваюць колькасць пешаходаў і, каб знізіць расходы, прыглушаюць асвятленне на пустых вуліцах і робяць ярчэйшым на людных. Да глабальнай інфармацыйнай сеткі паступова падключаюцца ўсе будынкі. З дапамогай гэтага можна ў дыстанцыйным рэжыме кіраваць хатняй гаспадаркай.
Па заявах кампаніі Cisco, інавацыі ў сферы энергаспажывання і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі далі магчымасць скараціць спажыванне электрычнасці ў кожным будынку на 30%. Аптымізацыя закранула і іншыя сферы: збор смецця і яго перапрацоўку, водаачыстку і іншае.
Жыццё ў гэтым наскрозь камп'ютарызаваным горадзе даражэйшае, чым у іншых гарадах. Каб весці паўнавартаснае жыццё ў Сангдо, трэба мець даход вышэй сярэдняга. Праз гэта становішча ў горадзе ўжо атрымала назву "лічбавая няроўнасць".
Аднак стваральнікі горада, прыватныя карпарацыі, так першапачаткова і планавалі: пастаянна жыць у горадзе будуць толькі спецыялісты з высокім дастаткам, а абслуговы персанал будзе прыязджаць сюды на вахтавыя змены. Праўда, задумка гэтая правалілася: аказалася, што большасць людзей хочуць працаваць у тым горадзе, дзе яны жывуць, а людзі з дастаткам не хочуць жыць у дарагім горадзе.
Аўтар блога Korea Expose Іян Джэймс назваў Сангдо чалавечай пустэльняй і "цалкам штучным, старанна спраектаваным, без ценю разбурэння або беднасці". "Нехта сказаў, што ў горада няма характару. Я лічу, што ў ім больш характару, чым амаль у любым іншым горадзе Паўднёвай Карэі. Тут ёсць гнятлівая, амаль чарнобыльская пустата. Амаль адчуваеш, што яшчэ пара гадоў — і ў гэтых велізарных будынках нікога не застанецца".
Выданне Daily Mail назвала горад "чарнобылепадобным горадам-прывідам", а мясцовы жыхар і зусім быў максімальна крытычны: "Гэта горад-прывід. Тут шмат замежных школ, лякарняў і іншых выгод. Але ўсе яны занадта дарагія. Усё дарагое. Можа быць, у будучыні яны будуць развіваць гэту прастору. Але людзі ўжо пачынаюць з'язджаць. Яны так сфакусаваліся на прыцягненні замежнікаў, што забываюць, што звычайныя людзі таксама тут жывуць. Калі б яны пачалі думаць пра тое, як зрабіць жыццё тут таннейшым, Сангдо мог бы стаць найлепшым горадам не проста ў Карэі — ва ўсім свеце. Але будаўніцтва занадта зацягнулася".
Пры гэтым будаўнічыя кампаніі працягваюць інвеставаць у Сангдо ўсё больш і больш грошай, рэалізуючы ўсё новыя праекты: спрабуюць прыцягнуць у горад людзей. Складана сказаць, ці ўдасца Сангдо пераадолець "чарнобыльскі перыяд" і знайсці новых жыхароў. Магчыма, што яго чакаюць масавыя ўцёкі ўжо тых, хто ў ім яшчэ застаецца.
"Разумны горад" падымае яшчэ адно пытанне: у руках міжнародных карпарацый і ўладаў аказваецца велізарны пласт персанальнай інфармацыі пра жыхароў. Можна ўявіць, як аддзелы маркетынгу прыватных кампаній будуць выкарыстоўваць такі масіў звестак.
Вядома, Сангдо не будавалі пад наглядам Паўднёвакарэйскай карпарацыі па развіцці замежнай гарадской інфраструктуры (KIND) і сам горад з ёй наўпрост не звязаны. Аднак горадабудаўнічы досвед Карэі ў стварэнні "разумных гарадоў", несумненна, будзе ўплываць на стварэнне падобных праектаў у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут