"Размова глухіх": першая смерць у шэрагах сілавікоў — пункт невяртання?

29/09/2021 - 16:23
Ці магчымы дыялог паміж гэтымі людзьмі? / Еўрарадыё

Перастрэлка, у час якой загінулі супрацоўнік EPAM Systems і афіцэр КДБ, без перабольшання шакавала беларускае грамадства: пра гэта можна меркаваць па рэакцыі беларусаў у медыяпрасторы. Тым часам прапагандысты з праўладных рэсурсаў пачалі распальваць канфлікт з заклікам да палявання на "БЧБ-шнікаў". Да чаго прывядуць такая скокі на касцях?

— Для таго каб дасягнуць хоць нейкага прагрэсу ў развіцці адносін, мы павінны прыйсці да высновы: такога [гвалту. — Еўрарадыё] ў гэтай краіне не павінна быць. Святатацтва выкарыстоўваць трагедыю для вырашэння сваіх схаваных мэт і маніпулявання грамадскай свядомасцю, — сцвярджае прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук.

А як у далейшым на паводзінах і маральна-псіхалагічным стане людзей можа адбіцца гэта падзея?

— Я лаўлю сябе на думцы, што чалавек можа адаптавацца да чаго хочаш, — працягвае прафесар. — Да турмы, да збіцця і да шмат чаго іншага, калі ў яго няма стрыжня. Таму адзін з прагнозаў — "праглынецца" і гэта. І здавалася б, куды ўжо больш — дзве чалавечыя смерці. Але я не выключаю, што далейшае развіццё падзей прывядзе да нейкіх больш дзейсных [жорсткіх. — Еўрарадыё] сродкаў. Вырашаючы такія пытанні,  сродкамі не грэбуюць.

Ці змогуць адысці ад шоку тыя, хто зазнае штодзённы псіхалагічны ціск і інфармацыйны гвалт?

— Могуць адаптавацца. Большасць адаптуецца. Мы сёння назіраем, што ўнутранае нараканне [датычна палітычнай сітуацыі. — Еўрарадыё] ёсць, а прылюдная дэманстрацыя адсутнічае. І чалавек гэта пакорліва праглынае. Але варта падкрэсліць, што гэта адбываецца з тымі, у каго сістэма каштоўнасцяў носіць няўстойлівы характар.

Але ёсць людзі і з іншага боку барыкад, якія выступаюць "за" ўжыванне гвалту ў дачыненні да нязгодных. Ці адаб'ецца неяк на іх сітуацыя, якая склалася ў грамадстве?

— Яна ўжо адбіваецца, — лічыць псіхолаг. — Фармуецца катэгорыя канфармістаў, задачай якіх ёсць як дэманстрацыя лаяльнасці, так і хаванне ўсякага праяўлення іншадумства. Гэтыя канфармісты не здольныя да дасягненняў. Яны чакаюць указанняў, яны не здольныя браць адказнасць на сябе. Чалавек, які не бярэ на сябе адказнасць, не здольны да творчасці. Дапусцім, будзе ўказанне ўскласці вянкі — значыць, будзе, а інакш ніхто пальцам не паварушыць.

Мяркуючы па ўсім, цяпер у Беларусі сфармаваліся дзве часткі грамадства, дамовіцца паміж сабой якім ужо не ўдасца. Ці ўдасца?

— Парадаксальна, але магчымасцяў [дамовіцца. — Еўрарадыё] будзе больш. Сітуацыя будзе толькі пагаршацца, а афіцыйны [праўладны. — Еўрарадыё] бок усё больш разупэўніваецца ў радаснасці перспектыў выхаду з крызісу. Таму ўзнікае шмат людзей, якія сумняюцца. Зярняты сумневу, якія спараджаюцца ў стане прыхільнікаў [Лукашэнкі. — Еўрарадыё], яны ўсё большыя і павялічваюцца. Дыялог магчымы.

А другой частцы людзей, якія мысляць ліберальна, я б раіў дыферэнцаваць падзеі. Смерць чалавека выклікае спачуванне — па-за залежнасцю. Нязгода са светапоглядам — гэта адно. Але ёсць нейкія святасці, да якіх варта ставіцца з належнай ступенню павагі. Калі мы з павагай ставімся да нейкіх падзей, то мы знаходзім пункты судакранання. Калі не знаходзім, то ўзаемадзеянне ператвараецца ў размову глухіх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі