Расійскі крэдыт Беларусі прапануюць выдаць пасля павышэння коштаў на тытунь

18/04/2017 - 04:40

Расійская асацыяцыя вытворцаў тытунёвай прадукцыі "Табакпрам" прапанавала Крамлю ўмовы для выдачы новага маштабнага крэдыту Беларусі. Яны хочуць, каб абяцаны крэдыт у 1 мільярд долараў быў выдадзены пасля індэксацыі лакальных акцызных ставак на цыгарэты. Адпаведныя лісты тытунёвыя кампаніі накіравалі першаму віцэ-прэм'еру Ігару Шувалаву і міністру фінансаў Антону Сілуанаву, піша РБК

Расійскія вытворцы хочуць наблізіць акцызныя стаўкі на цыгарэты, каб скараціць плынь нелегальнай беларускай тытунёвай прадукцыі ў Расію. Яны кажуць, што ў памежных з Беларуссю раёнах доля нелегальнага гандлю цыгарэтамі істотна вырасла за год: у 2016 годзе яна складала 8%, а сёлета — ужо 20%. Пры гэтым доля беларускай прадукцыі ў агульным аб'ёме нелегальнага рынку сёлета склала амаль 30%, хаця ў мінулым годзе — толькі 9,4%. Прычына такога росту — у розніцы акцызных ставак і, як вынік, коштаў на беларускую і расійскую тытунёвую прадукцыю. 

Пра крэдыт у 1 мільярд долараў афіцыйнаму Мінску дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сутрэчы 3 красавіка. Ён будзе прадастаўлены па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Гэтае пытанне цяпер прапрацоўвае Мінфін Расіі. Магчымыя ўмовы новага крэдыту бакі не раскрываюць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі