Расійскае "даследаванне": Усе топ-блогеры Беларусі — русафобы і грантаеды

21/03/2019 - 12:23
twitter.com

Усе топ-блогеры Беларусі — русафобы і грантаеды і актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычнай антырасійскай дзейнасці, у Беларусі актыўна навязваецца нацыяналізм, Беларусь становіцца пунктам стварэння антырасійскай беларускай дзяржаўнай ідэі. Да такіх высноў прыходзяць аўтары "Аналізу працы Захаду ў Беларусі", падрыхтаванага невядомым расійскім аналітычным цэнтрам "Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу".

Еўрарадыё разабралася, што гэта за антыбеларускае даследаванне, чаму яму не варта давяраць і на каго яно разлічанае.

Арганізацыя прадставіла пяць розных даследаванняў датычна Беларусі. У іх разглядаецца негатыўнае стаўленне да будаўніцтва атамнай электрастанцыі, дыскрэдытацыя РПЦ, дыскрэдытацыя БРСМ, прыцягненне ўвагі да ўрочышча Курапаты і да святкавання стагоддзя БНР. Аўтары сцвярджаюць, што па ўсіх гэтых тэмах меркаванне навязваецца з боку празаходніх цэнтраў ўплыву.

У межах даследавання нібыта прааналізаваная дзейнасць 46 СМІ, 91 некамерцыйнай арганізацыі, 32 мазгавых цэнтраў (да іх аўтары адносяць экспертныя клубы, сацыялагічныя службы), 244 блогераў і экспертаў за 2018 год. Аўтары сцвярджаюць, што база даследавання пяці кампаній склала 5914 публікацый з больш чым 203 мільёнамі праглядаў.

Рэйтынг таксічнасці СМІ і блогераў на падставе укідаў

Дзейнасць фігурантаў даследавання ацанілі па ўзроўні ўплыву і таксічнасці.

"“Таксічнасць” разлічваецца як агульная колькасць інфармацыйных укідаў канкрэтнага інструмента ў межах разліковых кампаній", — такое вызначэнне даецца ў апісанні.

Самы таксічны СМІ — "Беларускі партызан". Еўрарадыё займае толькі шостае месца з дзесяці.
Самы таксічны блогер — Ігар Лосік, адміністратар телеграм-канала "Беларусь галаўнога мозга".

Якім чынам названыя СМІ і блогеры звязаныя з абстрактным Захадам, аўтары даследавання не ўдакладняюць.

Што такое "Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу" і хто яго стварыў?

Гэтае пытанне Еўрарадыё задала прэс-сакратару арганізацыі Яўгену (менавіта так прадставіўся малады чалавек, які адказаў па нумары тэлефона, паказаным на сайце SEA ў кантактах). Голас па той бок трубкі нам прапанаваў паглядзець 20 сакавіка прэс-канферэнцыю ў Маскве ў рэдакцыі "Парламенцкай газеты", на якой адбудзецца прэзентацыя арганізацыі: "Адтуль усё і даведаецеся" ["Парламенцкая газета" — афіцыйнае выданне Федэральнага сходу Расіі. — Еўрарадыё].

Прэс-канферэнцыя, якая адбывалася ў гэты дзень, называлася "Як супрацьстаяць тэхналогіям дзяржаўных пераваротаў і "каляровым рэвалюцыям"". Адным са спікераў быў Антон Давідчанка, каардынатар "Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу", які ў тым ліку згадаў і даследаванне пра Беларусь. На яго думку, Беларусь нагадвае Украіну ў перыяд, які папярэднічаў ўкраінскай рэвалюцыі 2014 года.

"Мы бачым, што за апошнія дзесяць гадоў створаны цэлы пласт арганізацый, адзінай мэтай якіх з'яўляецца крытыка Расіі і, вядома, пабудова беларускага нацыяналізму, якога там ніколі не было, але ў апошні час ён з'яўляецца галоўнай тэмай для ўсіх журналістаў. Усё так званыя незалежныя СМІ цяпер займаюцца крытыкай Расіі, нават не ўрада Беларусі", — кажа Антон Давідчанка.

Сваю арганізацыю ён назваў цэнтрам па вывучэнні каляровых рэвалюцый. Па словах Давідчанка, яна створаная па ініцыятыве грамадскіх дзеячаў і моладзевага парламента Дзяржаўнай думы РФ. Сам Давідчанка прызнаецца, што ў 2014 годзе быў каардынатарам адэскага "Антимайдана".

"Хлопцы шукаюць працу"

Кірыл Коктыш, дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМА, пра "Агенцтва сацыяльнага інжынірынгу" пачуў упершыню ад Еўрарадыё. Як і пра сам "Аналіз работы Захаду ў Беларусі". Азнаёміўшыся з даследаваннем, палітолаг назваў яго халтурай і шапкакідальніцтвам. Па словах Коктыша, людзі, якія яго складалі, не маюць нават базавых ведаў у сферы.

Коктыш: "З пункту гледжання метадалогіі, з пункту гледжання сацыялогіі, гэта проста колькасны масіў, які не кажа ні пра што. Падлічылі (хутчэй за ўсё, у іх ёсць нейкі софт), але рабіць колькасна-якасную карэляцыю яны не ўмеюць".

Кірыл Коктыш мяркуе, што гэта могуць быць праграмісты, якія проста шукаюць працу ў Маскве і заказчыкаў, якія будуць падобныя даследаванні купляць.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі