У аператыўна-дзяжурную службу Маскоўскага РУУС Мінска затэлефанавалі жыхары дома № 83 па вуліцы Рафіева і заявілі, што на дахах машын, прыпаркаваных у двары, танчыць п'яная жанчына.
Нарад міліцыі, які прыбыў на выклік, затрымаў яе і даставіў у пастарунак. Зранку жанчына прызналася, што напярэдадні была моцна п'яная і кепска памятае падзеі папярэдняга вечара.
Як адзначае прэс-служба ГУУС МІнгарвыканкама, жанчына пашкодзіла два аўтамабілі — "Нісан Прэм'ер" і "Рэно Шафран". На дахах і капотах аўтамабіляў засталіся ўвагнутасці і драпіны.
Выявілася, што 38-гадовая мінчанка нідзе не працуе. Раней яна прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, дробны крадзеж і парушэнне правілаў дарожнага руху.
Цяпер на жанчыну пачалі крымінальную справу за хуліганства. Максімальнае пакаранне, якое ёй пагражае, — тры гады пазбаўлення волі.