П’янае ДТЗ пад Фаніпалем: адзін загінуў, трое сур’ёзна траўмаваныя

07/04/2018 - 09:57

П’янае ДТЗ у Дзяржынскім раёне скончылася гібеллю чалавека, яшчэ трое ўдзельнікаў аварыі сур’ёзна траўмаваныя. Як паведамляе прэс-служба Мінскай абласной міліцыі, здарэнне адбылося 6 красавіка каля 16.30 на 22-м км аўтадарогі Р1 пад Фаніпалем. 24-гадовы мясцовы жыхар быў за рулём Фольксвагена Вента. Хлопец няправільна выбраў хуткасць і яго вынесла ў кювет, дзе машына сутыкнулася з дрэвам.

27-гадовы пасажыр на пярэднім сядзенні загінуў на месцы. Кіроўца і яшчэ двое пасажыраў атрымалі сур’ёзныя траўмы і трапілі ў рэанімацыю.

Паводле папярэдніх дадзеных, усе маладыя людзі, якія былі ў салоне аўтамабіля, мелі прыкметы алкагольнага ап’янення, у тым ліку кіроўца. Машына была знятая з уліку, не мела тэхагляду і страхоўкі — належаў транспартны сродак дзяўчыне, якая ехала ў гэтай машыне пасажыркай. Ніводны з пацярпелых не прышпіліўся.

Сведкі сказалі, што перад самай аварыяй кіроўца паводзіўся на дарозе небяспечна: на вялікай хуткасці шмат разоў перастройваўся з паласы ў паласу, хоць транспартны паток быў шчыльны. У кювет яго вынесла падчас аднаго з такіх манёўраў. Па факце здарэння распачатая крымінальная справа.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі