Пяцярых каліноўцаў завочна асудзілі — ад 12 да 25 гадоў калоніі

09/03/2026 - 14:09

Завочна асуджаныя каліноўцы / калаж ПЦ "Вясна"

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі завочныя прысуды пяці беларускім добраахвотнікам, звязаным з Палком імя Кастуся Каліноўскага. Ім прызначылі вялізныя тэрміны, а таксама гіганцкія штрафы.

Завочны суд над каліноўцамі пачаўся пры канцы студзеня, а 5 сакавіка іх прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх ёсць "акт тэрарызму" і "стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі", заўважылі праваабаронцы "Вясны".

Былому камандзіру Дзянісу Прохараву прысудзілі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым першыя пяць гадоў ён павінен адбываць у турме. Таксама яго аштрафавалі на 700 базавых велічынь.

Былому камандзіру Паўлу Шурмею таксама прысудзілі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з адбываннем першых пяці гадоў у турме. Памер штрафу для яго — 2000 базавых велічынь.

Былому намесніку камандзіра, прадстаўніку Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне Вадзіму Кабанчуку прызначылі 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з адбываннем першых пяці гадоў у турме і штраф 700 базавых адзінак. Таксама Кабанчука пазбавілі вайсковага звання старшы лейтэнант запасу.

Інструктара Аляксея Назарава асудзілі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго штраф — 700 базавых велічынь.

Таксама 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі байцу Аляксею Кавальчуку. Яго штраф склаў 500 базавых велічынь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі