Пуцін ля варот: як Украіна апынулася на парозе прамога ўварвання Расіі

15/04/2021 - 15:14
Вайсковец украінскіх узброеных сіл вядзе агонь, спрабуючы збіць меркаваны беспілотны лятальны апарат недалёка ад Данецка, Украіна, 11 красавіка 2021 года / Reuters

14 красавіка 2014 года ва Украіне пачалася антытэрарыстычная аперацыя, якая стала "гарачым" працягам расійска-ўкраінскай вайны ўжо пасля анексіі Крыма. За гэты час на Данбасе загінула больш за 13 тысяч чалавек, і дагэтуль не спыняюцца абстрэлы.

І вось пасля сямі гадоў гібрыднай вайны Украіна апынулася за крок ад поўнамаштабнага канфлікту, таму што ў канцы сакавіка 2021 года Расія дэманстратыўна перакінула да ўкраінскіх межаў беспрэцэдэнтную колькасць войскаў.

"Грамадскае" аналізуе, што адбылося за апошнія месяцы і як суседняя краіна дайшла да сітуацыі, калі кожны новы дзень рызыкуе стаць пачаткам вайны.
 

Замірэнне

27 ліпеня 2020 года на Данбасе пачалося чарговае замірэнне, ці, як яшчэ кажуць, — рэжым спынення агню. Улічваючы, колькі такіх спроб ужо было, наўрад ці хтосьці меў сур'ёзныя надзеі, аднак у першыя месяцы сапраўды нешта змянілася — бакі амаль не стралялі, а ў прэзідэнта Зяленскага з'явілася нагода з гонарам гаварыць, што колькасць загінулых зменшылася ў дзесяць разоў.

Аднак спыненне агню хоць і найважнейшы, але толькі першы крок на шляху да ўрэгулявання канфлікту. Увесь гэты час Украіна і Расія вялі перамовы ў розных фарматах, але ў палітычнай плоскасці быў тупік. Таму ў новым годзе ўсё пачало вяртацца на кругі свая — баевікі павялічвалі колькасць абстрэлаў, а ахвяр сярод украінскіх вайскоўцаў станавілася ўсё больш.

Вайскоўцы Узброеных сіл Украіны гавораць на баявых пазіцыях на лініі падзелу каля кантраляванага паўстанцамі горада Данецк, Украіна, 14 красавіка 2021 года / Reuters

Зяленскі

На пасаду прэзідэнта Зяленскі ішоў з гучнымі абяцаннямі хутка спыніць вайну, але суровая рэальнасць напаткала шостага прэзідэнта, і ў нейкі момант ён, здаецца, страціў надзею на магчымасць дамовіцца з Крамлём, заключыць "вялікую здзелку" аб міры на Данбасе на больш ці менш прымальных умовах.

Гэта разуменне развязала Зяленскаму рукі — калі дамовіцца не атрымліваецца, то прычын "не раздражняць Крэмль" становіцца менш. І вось у пачатку лютага Савет нацбяспекі і абароны (СНБА) заблакаваў прарасійскія тэлеканалы (NewsOne, ZIK і "112 Украина"), а пасля гэтага — увёў санкцыі супраць кума Пуціна Віктара Медзведчука.

Далей — цікавей. У Медзведчука адбіраюць прыбытковы нафтаправод і праводзяць ператрусы ў яго арганізацыі "Украінскі выбар" па справе аб дзяржаўнай здрадзе.

Быць на грэбні патрыятычнай хвалі Зяленскаму, як выглядае, спадабалася, таму амаль кожнае пасяджэнне СНБА ператвараецца ў бітву за "дзяржаўныя інтарэсы" — ён змагаецца з варожай дэзынфармацыяй, Януковічам, Азаравым і менш статуснымі здраднікамі, пераследуе за "харкаўскія пагадненні", "вяртае" народу нетры і шмат чаго яшчэ.

Відавочна, адсутнасць прагрэсу ў перамовах з Крамлём — не адзіная прычына такой трансфармацыі Зяленскага. Але якой бы ні была яго матывацыя, менавіта ў перыяд актывізацыі барацьбы з прарасійскай пятай калонай сітуацыя на фронце абвастрылася, а Пуцін вырашыў павысіць стаўкі.

Вайскоўцы Узброеных сіл Украіны ідуць па вуліцы ў горадзе Мар'інка Данецкай вобласці, Украіна, 14 красавіка 2021 года / Reuters

Пуцін

У прынцыпе, адным толькі гэтым імем можна растлумачыць такую маштабную эскалацыю, піша "Грамадскае", маўляў, ні адзін іншы чалавек у Расіі не можа аддаць загад перакінуць дзясяткі тысяч вайскоўцаў і вялікую колькасць тэхнікі да ўкраінскіх межаў.

У эскалацыі на Данбасе Масква звыкла абвінаваціла Кіеў, а баевікі падтакнулі гэтаму, сцвярджаючы, што "Украіна ідзе шляхам сілавога развязання канфлікту". Іх агрэсіўныя заявы актывізаваліся ў лютым — сакавіку: напрыклад, 3 сакавіка баевікі "ДНР" заявілі, што атрымалі дазвол на "папераджальны агонь" па пазіцыях УСУ.

На фоне гэтых абвінавачанняў у канцы сакавіка — пачатку красавіка пачынаюць з'яўляцца паведамленні аб эшалонах расійскага войска, якія рухаюцца да межаў Украіны і ў акупаваны Крым.

30 сакавіка галоўнакамандуючы УСУ Руслан Хамчак заявіў, што неўзабаве ля ўкраінскай мяжы і ў Крыме Расія збярэ да 25 батальённых тактычных груп — гэта ў дадатак да тых 28, якія ўжо размешчаны ў Крыме і на акупаванай частцы Данбаса.

У Зяленскага 12 красавіка заявілі, што побач з межамі Украіны РФ ужо засяродзіла больш за 40 тысяч вайскоўцаў, столькі ж — у акупаваным Крыме. І 50 тысяч з іх перакінулі нядаўна.

Дакладную колькасць перадыслакаванай тэхнікі і вайскоўцаў вызначыць вельмі цяжка, і ацэнкі пастаянна змяняюцца. Але як журналісты-расследавальнікі, так і заходнія партнёры адзначаюць: гэта самая маштабная з 2014 года канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай.

Дэсантныя караблі Каспійскай флатыліі ВМФ Расіі праплываюць міма круізнага лайнера на рацэ Дон падчас міжфлоцкага пераходу з Каспійскага мора ў Чорнае ў Растове-на-Доне, Расія, 13 красавіка 2021 года / Reuters

Акрамя анексаванага Крыма, войскі дыслакаваныя ў Растоўскай вобласці — яна мяжуе з Данецкай і Луганскай абласцямі, у Бранскай — мяжуе з Чарнігаўскай і Сумскай, і Варонежскай — мяжуе з Луганскай. Там вайскоўцы разбіваюць палявыя лагеры.

Сацсеткі запоўнілі відэа, знятыя мясцовымі жыхарамі, на якіх відаць перадыслакацыя расійскай вайсковай тэхнікі да мяжы з Украінай. Вязуць танкі, бронетранспарцёры, артылерыю, ракетныя сістэмы і да таго падобнае.

У Варонеж нават прывезлі ракетныя комплексы "Іскандэр", якія могуць паражаць цэлі балістычнымі ракетамі. Менавіта пад Варонежам брытанскім журналістам удалося зняць лагер расійскіх войскаў.

Красамоўны факт: расійская армія вязе па чыгунцы так шмат тэхнікі, што мясцовым пастаўшчыкам сельгастэхнікі напярэдадні пасяўной проста не хапае чыгуначных платформаў, каб яе вывозіць, — гэтыя платформы забралі вайскоўцы.

Акрамя таго, Расія накіравала ў Чорнае мора тры дэсантныя караблі Балтыйскага флоту, магчыма, з дэсантнікамі і тэхнікай на борце. Яшчэ дзесяць дэсантных суднаў РФ наважыла адправіць у Чорнае мора з Каспійскага. Таму ў выніку ў Чорным моры можа апынуцца больш за 20 караблёў, здольных высадзіць дэсант на поўдні Украіны.

Ілюстрацыя hromadske

Прапаганда

Усе гэтыя вайсковыя манеўры падмацоўваюцца антыўкраінскай істэрыяй расійскіх прапагандыстаў. Працуюць яны па "класічнай" схеме: украінскія нацысты пад кіраўніцтвам ЗША і НАТА нібыта плануюць зладзіць генацыд жыхарам Данбаса, а Расія не можа гэтага дапусціць.

Напрыклад, Маргарыта Сіманьян чарговы раз заклікала "Расію-матухну" забраць Данбас "дадому", а Салаўёў выкручвае мілітарысцкі маразм на максімум: "Украінскі нацызм — беспасярэдні спадчыннік гітлераўскага нацызму. Украіна сёння — абсалютнае зло, якому мы не можам дазволіць існаваць".

Таксама расійскія дзяржаўныя СМІ пачалі актыўна прасоўваць гісторыю пра тое, як беспілотнік УСУ нібыта скінуў выбухоўку ў двор у Данецкай вобласці, у выніку чаго загінуў пяцігадовы хлопчык. Дзіця сапраўды загінула, але ніякіх дронаў там і блізка не было.

Акрамя запісных прапагандыстаў, уключаюцца ў эфір расійскіх ток-шоу і іншыя дзейныя асобы. Так, верхавод баевікоў "ДНР" Дзяніс Пушылін заявіў: "Калі трэба, мы возьмем у рукі зброю. Дзе мы спынімся — ніхто зараз не скажа".

А вось прадстаўнік Пуціна Дзмітрый Пяскоў заклікаў не перажываць праз перадыслакацыю войскаў. "Расія нікому не пагражала і не пагражае. Расійскія ўзброеныя сілы знаходзяцца там, куды іх вырашыла накіраваць ваеннае кіраўніцтва", — кажа ён.

Сутнасць большасці заяў — расіяне хочуць міру, але мы гатовыя даць адпор.

"Дамо адпор усім Балтыйскім флотам, які выпадкова перадыслакаваўся да гэтага часу ў Чорнае мора і стаіць напагатове ў кустах", — з горкай іроніяй апісвае расійскую прапаганду аглядальніца "Новой газеты" Юлія Латыніна.

А вось калі Украіна надумае ісці ў НАТА, то наогул можа спыніць існаванне, пагражаюць у Крамлі.

Джо Байдэн / Reuters

Хаўруснікі

І хоць Пяскоў і іншыя прадстаўнікі расійскай улады не перастаюць запэўніваць, што Расія нікому не пагражае, а войскі па сваёй тэрыторыі можа перамяшчаць як захоча, краіны Захаду гэтым словам не вераць.

У пачатку красавіка амбасадары НАТА правялі сустрэчу праз абвастрэнне сітуацыі на расійска-ўкраінскай мяжы. Неспакой выказалі ўсе, хто толькі мог, — ад Канады да краін Балтыі. А Злучаныя Штаты паабяцалі падтрымаць Украіну ў выпадку абвастрэння сітуацыі.

2 красавіка Вашынгтон накіраваў сур'ёзны сігнал падтрымкі Кіеву: прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правёў першую размову з Зяленскім. Гэтыя перамовы доўга адкладаліся, як выглядае, праз унутраную сітуацыю ва Украіне, але на фоне эскалацыі з боку РФ Байдэн патэлефанаваў Зяленскаму і запэўніў: "Украіна і ЗША стаяць плячо ў плячо".

Таксама заходнія краіны заклікалі Расію адвесці свае войскі ад украінскай мяжы, у прыватнасці, канцлер ФРГ Ангела Меркель папрасіла Пуціна пра гэта ў асабістай гутарцы.

У той жа час, як заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, узброеная падтрымка Украіны — адзіны дзейсны спосаб паўплываць на Крэмль.

"Украіне патрэбная падтрымка зброяй (што робіць Турцыя) і бачныя прыкметы салідарнасці (што робяць ЗША, накіроўваючы вайсковыя караблі ў Чорнае мора). Важкія аргументы на сушы і на моры — адзіная зразумелая Крамлю мова", — сказаў ён.

Што да ўзброенай падтрымкі, то Украіна закупляе ў Турцыі ўдарныя беспілотнікі, і гэта выклікае незадаволенасць у Маскве. Таксама нядаўна Зяленскі пабываў з візітам у Турцыі, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Апошні падтрымаў Украіну, у тым ліку і перспектывы яе сяброўства ў НАТА.

І неяк так здарылася, што пасля гэтай сустрэчы прэзідэнтаў Турцыі і Украіны расійскія ўлады забаранілі авіяпералёты з РФ у Турцыю, у выніку чаго сотні тысяч расіян застануцца без адпачынку на турэцкіх курортах.

Баевікі самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі (ЛНР) у час пахавання свайго таварыша, які, як сцвярджаецца, быў забіты снайперам на баявых пазіцыях на лініі аддзялення ад украінскіх узброеных сіл каля Залатога, Украіна, 14 красавіка 2021 года / Reuters

Візіт амерыканскіх вайсковых караблёў у Чорнае мора ў Маскве таксама не ацанілі і параілі ім трымацца далей ад анексаванага Крыма.

Аднак самая важная падзея (з пункту гледжання міжнароднай рэакцыі) адбылася 13 красавіка — Джо Байдэн асабіста патэлефанаваў Пуціну, заявіў пра падтрымку суверэнітэту Украіны і выказаў занепакоенасць канцэнтрацыяй расійскіх войскаў ля ўкраінскай мяжы. Таксама ён прапанаваў прэзідэнту РФ сустрэцца ў "трэцяй" краіне для абмеркавання ўсіх праблем у двухбаковых адносінах.

* * *

Яшчэ адна падзея, якая адбылася 13 красавіка і якую варта згадаць, — заява міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Да гэтага моманту расіяне не давалі адказу на ўсе заклікі растлумачыць, калі ж войскі вернуцца ў месцы пастаяннай дыслакацыі, але цяпер Шайгу заявіў: завяршыць "вайсковыя вучэнні" плануюць праз два тыдні.

Таксама ён заявіў, што раптоўная праверка боегатоўнасці Паўднёвай і Заходняй ваенных акруг звязана з "ваеннай дзейнасцю НАТА". Шайгу ўдакладніў, што за тры тыдні РФ перакінула на заходнія межы два войскі і тры злучэнні ПДВ.

Між тым прэзідэнт Зяленскі запэўнівае, што Украіна гатовая да магчымага расійскага ўварвання.

"З 2014 года мы ведаем, што гэта можа адбыцца кожны дзень. Яны [расіяне. — Рэд.] гатовыя, але і мы гатовыя, таму што мы на сваёй зямлі", — сказаў ён.

У пачатку красавіка кіраўнік дзяржавы наведаў пазіцыі ўкраінскага войска на Данбасе, каб падтрымаць баявы дух вайскоўцаў. А Служба бяспекі Украіны пачала маштабныя антытэрарыстычныя вучэнні ў Харкаўскай вобласці, якая мяжуе з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі