Псіхолаг пра "Вялікую размову": раней гэта былі сустрэчы з жывым чалавекам

11/08/2021 - 16:05
Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка праводзіць "Вялікую размову". Больш за восем гадзін ён выступае перад лаяльнай публікай, якая амаль цалкам складаецца з прапагандыстаў і чыноўнікаў. А ў бок праціўнікаў гучаць пагрозы, абвінавачанні, абразы.

Пра што сведчыць такая агрэсіўнасць Лукашэнкі? Прааналізаваць "Вялікую размову" Еўрарадыё спрабуе з прафесарам-псіхолагам Уладзімірам Янчуком.

Ці атрымалася ў Лукашэнкі зрабіць "Вялікую размову" знакавай?

 

"Вядома, не. Там былі толькі абраныя, толькі дапушчаныя. Калі была б перамога, я б сустракаўся з усімі, таму што не баюся нікога: вось яна перамога, вось ён вынік. А калі я сустракаюся за плотам, значыць, у мяне няма ўпэўненасці ў тым, што шуканае дасягнута", — спрабуе на сябе прымераць мысленне Лукашэнкі Янчук.

А які наогул быў пасыл гэтай сустрэчы?

"Пасыл вельмі просты — пераканаць сябе, паспрабаваць сказаць, што ўсё нармальна, што ўсё старое адноўлена. У прынцыпе, нічога новага, ніякіх падстаў для ўступлення ў дыялог і для нармалізацыі адносін у тым самым грамадстве, да якога гэта ўсё было адрасавана.

Больш за тое, у мяне стварылася ўражанне, што гэта быў спіч нават не да ўмоўных прыхільнікаў, а для лакальнай іх часткі. Новых ідэй там няма, нейкіх уяўленняў пра перспектывы няма. Адны досыць агульныя развагі, якія паўтараюцца з разу ў раз, пра ўласнае суб'ектыўнае бачанне праблемы".

Ці пераканаў Лукашэнка аўдыторыю ў тым, што ўсё пад кантролем?

"Аўдыторыя чакала нейкіх інтрыг, нейкіх заяў, але нічога так і не атрымала. І наколькі я разумею, аўдыторыя разгубілася яшчэ больш.

Гучала "хутка" пра ўласны сыход, але гэта "хутка" мы ўжо чуем даўно. Дый колькі гэта — "хутка"? Гэта паняцце адноснае. "Хутка" — гэта гады, "хутка" — гэта месяцы, або "хутка" — гэта дні?"

Агрэсіўная рыторыка Лукашэнкі — гэта спосаб накруткі аўдыторыі?

"Ды колькі ўжо можна гэтую аўдыторыю накручваць? Гэта такі стыль зносін, і ён ужо не ўпершыню такі: "Я — моцны, я не баюся".

Як псіхолаг, я яго выдатна разумею: чым часцей чалавек кажа, што ён моцны і не баіцца, тым больш гэтыя сцверджанні выклікаюць пытанні", — сцвярджае Янчук.

З пункту гледжання псіхолага, што значаць агрэсіўныя словы Лукашэнкі?

"Гэта гаворыць пра ўнутраную культуру і выхаванасць. Этыка ўзаемаадносін аўдыторыі патрабуе адпаведных правілаў зносін, а для гэтага ёсць вельмі добры тэрмін — хамства.

Асабіста ў мяне гэта выклікае вельмі негатыўнае стаўленне, калі мне, напрыклад, тыкаюць без падстаў, калі са мной панібрацтвуюць без падстаў.

Наколькі я разумею, кіраўнік дзяржавы павінен з павагай ставіцца да народа, якім ён хоча кіраваць. Без гэтай павагі ніколі не будзе дыялогу".

Атрымліваецца, што грубасць Лукашэнка ўжо не падабаецца беларусам. Што памянялася?

"Усё проста: адыход ад народа. Калі раней гэта былі сустрэчы з жывым чалавекам, то сёння гэтага няма. Цяпер "Бацькі" няма, цяпер гэта фігура, якая вельмі высока, вельмі далёка, якая наогул адхіленая ад людзей".

У якім стане цяпер знаходзіцца беларускае грамадства? Беларусаў удалося запалохаць?

"На мой погляд, вынік абсалютна супрацьлеглы. Калі раней гэтыя публічныя шэсці спрыялі псіхалагічнаму выплеску — выйшлі, пахадзілі, паскандавалі, — то цяпер гэта ўсё працягваецца ўнутры.

І гэта ўнутранае напружанне нарастае. Усякія спробы ізаляваць лідараў грамадскай думкі, абмежаваць інфармацыйную прастору, спробы вярнуць свет у старое прыводзяць да контрэфекту".

З краіны выштурхваюць адукаваных людзей, у ВНУ недабор. Да чаго гэта прывядзе?

"Грамадства павінна ўсведамляць, што не будзе інтэлектуальнай эліты — не будзе развіцця. Не будзе людзей, якія думаюць, — будуць увесь час граблі. І самае сумнае: не будзе заўтра. Прапагандысцкая машына вяшчае адно, а гэта — індыкатар адваротнага: грамадства не верыць і з'язджае", — папярэджвае прафесар Уладзімір Янчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі