"Прылёты" у Харкаве і Крывым Рогу — 253-я раніца вайны

03/11/2022 - 06:18
З-за расійскіх нападаў на энергааб'екты жыхары ўкраінскіх рэгіёнаў застаюцца без святла і вады / @dsns_telegram

Увечары пад абстрэлам быў Харкаў. "Тры "прылёты" па Кіеўскім раёне. Папярэдне трапленне па адміністрацыйным нежылым будынку", напісаў пасля паўночы мэр горада Ігар Церахаў. Інфармацыі аб параненых ці загінулых на той момант не было.

У Крывым Рогу дроны-камікадзэ сур'ёзна пашкодзілі аб'ект энергетычнай інфраструктуры. Некалькі раёнаў горада засталіся без святла і вады. Пра гэта паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі Крывога Рога Аляксандр Вілкул. Ужо ноччу службы пачалі аднаўленчыя работы.

Гукі выбухаў увечары 2 лістапада чулі і жыхары Запарожжа. У напрамку горада таксама ляцелі беспілотнікі, але іх удалося знішчыць, кажуць у Запарожскім гарсавеце.

Да сітуацыі на фронце. Расіяне спрабуюць наступаць на Данбасе — вядуць "наступальныя дзеянні на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках". Гэта інфармацыя з ранішняй зводкі Генштаба УСУ. Былі адбітыя атакі ў раёне Макееўкі, Неўскага і Белагораўкі ў Луганскай вобласці, а таксама з дзясятак нападаў у Данецкай вобласці.

Расійскія войскі працягваюць рыхтавацца да абароны пад Херсонам— усталёўваюць зборныя бетонныя "доты" і ДЗОТы (доўгачасовыя замаскіраваныя агнявыя кропкі). Пра гэта піша Інстытут вывучэння вайны са спасылкай на прадстаўніка прарасійскіх уладаў у Херсонскай вобласці Сяргея Хлана.

Карта баёў у раёне Херсона і Мікалаева 2 лістапада 2022 года / understandingwar.org

Эксперты Інстытута таксама лічаць адарванымі ад рэальнасці заклікі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна да прадпрыемстваў ВПК. Ён хоча, каб яны выраблялі канкурэнтаздольную прадукцыю. "Заклікі Пуціна кантрастуюць з нядаўнімі паведамленнямі аб тым, што Расія закупіла сістэмы ўзбраенняў у Ірана і Паўночнай Карэі для падтрымкі сваіх вайсковых дзеянняў ва Украіне", — адзначаюць экспэрты Інстытута. Аб тым, што Паўночная Карэя таемна пастаўляе Расіі артылерыйскія снарады, казаў напярэдадні прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі са спасылкай на амерыканскую выведвальную супольнасць.

"Залежнасць Расіі ад ізаляваных дзяржаў, якія знаходзяцца пад жорсткімі санкцыямі, у дачыненні да крытычна важных сістэм узбраенняў не падтрымлівае патрабаванне Пуціна, каб расійская вайсковая прамысловасць стала высокаканкурэнтнай і адказвала патрэбам расійскіх Узброеных Сіл у кароткі перыяд часу", робяць выснову экспэрты Інстытута.

Тым часам Савет бяспекі ААН адхіліў просьбу Расіі стварыць камісію для расследавання "ваенна-біялагічнай дзейнасці ЗША і Украіны" . Пра гэта паведамляе The Washington Post.

Расію ў галасаванні падтрымаў толькі Кітай. Яшчэ 10 краін устрымаліся, а ЗША, Вялікабрытанія і Францыя — выступілі супраць расследавання. Для адабрэння рэзалюцыі трэба было прынамсі 9 галасоў. Прадстаўнік Расіі Дзмітрый Палянскі пасля галасавання заявіў, што Расія расчараваная рашэннем Савета бяспекі. Ён абвінаваціў краіны Захаду ў парушэнні закона і "каланіяльным менталітэце". Са свайго боку пасол ЗША Лінда Томас-Грынфілд патлумачыла сваё рашэнне тым, што гэтая рэзалюцыя "заснавана на дэзінфармацыі, несумленнасці і поўнай непавазе" да Савета бяспекі ААН.

Дзмітрый Палянскі / Reuters

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным звароце казаў пра сітуацыю вакол "збожжавага калідора". Па яго словах, расійскі самалёт учора запусціў крылатыя ракеты непадалёк ад выспы Змяіны. І яны фактычна пераляталі праз маршруты, па якіх ідуць судны са збожжам.

"Кожны такі расійскі запуск — а яны амаль штодзённыя — наўпрост пагражае харчоваму экспарту. І гэта адказнасць партнёраў — працаваць разам, каб паменшыць расійскую пагрозу", — заявіў Зяленскі. Нагадаем, Расія на днях прыпыніла, а потым аднавіла свой удзел ва "угодзе". Інфармацыя аб вяртанні Расіі маментальна адбілася на паказчыках на біржах, адзначыў Зяленскі.

"Мы бачым некаторае патанненне і адносна пшаніцы, і адносна кукурузы. Кожны раз, калі актывізуецца расійскі шантаж, харчаванне даражэе. І кожны раз, калі свет не паддаецца на шантаж, аграпрадукцыя таннее. А калі б расійскага нападу на Украіну не было, то не было б нават і прывіднай пагрозы глабальнага харчовага крызісу", — падкрэсліў ён.

"Укрэнерга" абмяжоўвае электразабеспячэнне яшчэ ў трох абласцях — Днепрапятроўскай, Запарожскай і Кіраваградскай. Аб гэтым рэгулятар паведаміў ў Telegram. Гэты крок дазволіць паменшыць нагрузку на сеткі і пазбегнуць паўторных аварый, патлумачылі на прадпрыемстве. Абмежаванні электразабеспячэння ва Украіне вымушаныя ўводзіць праз масіраваныя напады Расіі на ўкраінскія энэргааб'екты.

Тым часам украінскія жалезныя дарогі запускаюць цягнікі у нядаўна вызвалены Купянск ( гэта на паўночна-усходзе Харкаўскай вобласці). Сёння туды адправіцца першы камбінаваны рэйс. 95% дарогі можна будзе пераадолець на цягніку. А ад платформы Асінава да Купянска — бясплатнымі аўтобусамі. У раёне Купянск пакуль не аднавілі узарваны чыгуначны мост. Гэта зойме пэўны час, але чыгуначнікі вырашылі аднавіць рух ужо зараз.

Пашкоджаны мост у раёне Купянска / twitter.com/OlKubrakov

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі