“Пройдзеце праз трэнажорную залу — там офіс той спартыўнай партыі”

18/08/2016 - 14:59

Сацыяльна-спартыўная партыя цікавая для мяне не першыя выбары, бо яны заўжды актыўна вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій, але пры гэтым амаль не вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты — на гэтых выбарах яны ўвогуле іх не вылучылі. 

Валянцін Стэфановіч

"Такая партыя-арганізатар выбараў атрымліваецца”, — дзеліцца са мной сваімі назіраннямі за палітычнай дзейнасцю Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.

Сапраўды, калі на сёлетніх выбарах ад гэтай партыі ў складзе участковых выбарчых камісій звыш 600 прадстаўнікоў, то на мінулых было звыш 400. У парламенце сяброў гэтай партыі не было ўжо тры склікання. А вось старшыня гэтай партыі ў парламенце працаваў, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання, першага і другога склікання Палаты прадстаўнікоў. Што яшчэ вядома пра Уладзіміра Александровіча?

Па адукацыі юрыст, узначальваў федэрацыю атлетызму, прэзідэнт таварыства з абмежаванай адказнасцю “Міжнародная прафесійная ліга спорту”, генеральны дырэктар даччынага прадпрыемства расійскай фінансава-прамысловай карпарацыі “ІТЭРА”.

“Ну, нешта ён там рабіў, выступаў, асабліва, калі справа тычылася нейкіх спартыўных законаў. Але каб запомніўся нечым такім актыўным, палітычным, не ўзгадваю, — дзеліцца сваімі ўспамінамі пра сумесную працу ў парламенце Уладзімір Навасяд. — Ёсць такая палітыка, калі палітыка — гэта грошы. У дэпутатаў-дырэктараў былі інтарэсы адны, у дэпутатаў-прафсаюзнікаў — іншыя. А Александровіч, наколькі я памятаю, быў моцным бізнесменам”.

Еўрарадыё: Але ж ці можна на дэпутацтве ў Беларусі зарабіць? Я не пра дэпутацкія кватэры і дэпутацкія заробкі — я пра вялікія грошы…

Уладзімір Навасяд: У людзей, якія падтрымлівалі ўладу, была магчымасць кантактаваць на любым узроўні з прадстаўнікамі улады, там жа вырашаюцца ўсе пытанні. Ніхто не адмяняў формулу: улада-сувязі-грошы. Людзі, якія ішлі ў парламент, ведалі дакладна, чаго яны хочуць. Яны хочуць сувязяў, а сувязі — гэта новыя кантакты. Вось і ўсё.

Яшчэ адзін цікавы факт: усіх сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя вылучала выключна ў Мінску. Гэта азначае, што ніякіх рэгіянальных структур у яе няма.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі