Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура спрабавалі забіць

05/08/2018 - 08:53

Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура спрабавалі забіць. Пра інцыдэнт са спробай замаху афіцыйна паведаміў міністр інфармацыі краіны Хорхе Радрыгес. Гэта адбывалася на святочным парадзе ў Каракасе з нагоды 81-годдзя стварэння нацыянальнай гвардыі. Прэзідэнт Мадура выступаў там з прамовай, калі на яго скіраваліся два дроны, начыненыя выбухоўкай С4. Дроны не даляцелі на прэзідэнцкай ложы —  іх збілі снайперы, паведамляюць замежныя інфармагенцтвы. Служба аховы закрыла прэзідэнта бронематамі, а затым эвакуявала.

Збітыя дроны выбухнулі, некалькі вайскоўцаў, удзельнікаў парада, былі параненыя.

На відэа з месца здарэння, якое з’явілася на YouTube, бачны момант, калі Мадура ды іншыя людзі на трыбуне глядзець угору. Затым паказваюць удзельнікаў параду, якія разбягаюцца ў розныя бакі.

Адказнасць за спробу замаху на Нікаласа Мадура ўзяла на сябе ўзброеная групоўка “Фланэлевыя салдаты”. Удзельнікі арганізацыі напісалі пра гэта ў Твітэры і адзначылі, што хоць іх мэта не дасягнутая, “гэта толькі пытанне часу”.

Сам Мадура заявіў пра затрыманне некалькіх чалавек, падазраваных у гэтым замаху. Ён сказаў, што адказнасць за інцыдэнт нясе калумбійскі лідар Хуан Мануэль Сантас, а таксама крайне правыя венесуэльскія групоўкі. Прэзідэнт Калумбіі ўжо назваў гэтыя абвінавачанні “бессэнсоўнымі і неабгрунтаванымі”.

Ужо некалькі гадоў Венесуэла знаходзіцца ў глыбокім сацыяльна-эканамічным крызісе. Падзенне коштаў на нафту прывяло да моцнага спаду эканомікі краіны. Палітыка Мадура выклікала некалькі хваляў масавых пратэстаў, падчас якіх здараліся вострыя сутычкі, з ахвярамі і параненымі.
 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі