Прэзідэнт Літвы: Мы паказалі беларускаму рэжыму, што дэмакратыі не слабыя

15/08/2021 - 11:57

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа даў інтэрв'ю Financial Times. Згадаў у тым ліку і сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі.

"Верагодна, самы важны сігнал, які мы маглі паслаць беларускаму рэжыму, — гэта тое, што дэмакратыі не слабыя. Дэмакратыі моцныя, дэмакратыі едныя, дэмакратыі паважаюць вяршэнства закона. Ім не варта разлічваць на нашу слабасць. Мы будзем рашучымі", — сказаў Наўседа.

У адказ на санкцыі з боку Еўрасаюза беларускія памежнікі сталі менш пільна ахоўваць межы Беларусі з Польшчай, Латвіяй і Літвой. Паток мігрантаў з усходу на гэтых межах імкліва павялічыўся. 

Апошнім часам выйшла некалькі журналісцкіх расследаванняў пра тое, што да арганізацыі "экспарта ўцекачоў" у Еўрасаюз маюць непасрэднае дачыненне беларускія ўлады. Reuters, калі піша пра мігрантаў у Літве, згадвае дзве мінскія кампаніі: "УмноТуры” і "Цэнтркурорт" — а таксама авіякампанію "Белавія". А па дакументах, якія атрымалі цэнтр "Дасье" і выданне Der Spiegel, візамі, пералётамі і размяшчэннем іракцаў у Беларусі займаецца кампанія "Цэнтркурорт", якая належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

Напрыклад, праз "Цэнтркурорт" афармляліся беларускія візы для 200 іракцаў — яны прыязджалі нібыта ў паляўнічы тур. У аэрапорце Мінска іх сустракалі заказаныя "Цэнтркурортам" аўтобусы, яны развозілі іракцаў па загадзя забраніраваных гатэлях.

Сапраўднасць дакументаў журналістам Der Spiegel пацвердзіў былы супрацоўнік "Цэнтркурорт". Ён звольніўся з кампаніі, калі зразумеў, што дапамагае масаваму завозу мігрантаў у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі