Прэзентацыя на Еўрарадыё: альбом "Tiki Tohua" ад гурта The Silicon

20/10/2015 - 14:31

Беларускія сёрф-рокеры The Silicon прадстаўляюць на Еўрарадыё сваю другую кружэлку пад назвай "Tiki Tohua". Паміж ёй і папярэднім альбомам "Desert Storm" — паўза ў пяць гадоў. У доўгім працэсе нараджэння дыска музыкі вінавацяць "творчы працэсу, які злёгку зацягнуўся з-за пошуку ідэальнай формы, гуку і карцінкі".


"Альбомы адрозніваюцца майстэрствам. Аранжыроўкі ў "Tiki Tohua" цікавейшыя. У плане запісу, гучання альбом мацнейшы", — мяркуе лідар гурта гітарыст Дзмітрый Паплаўскі. А бубнач Ігар Сухарукаў дадае: "Галоўнае адрозненне — гэта ступень прапрацоўкі трэкаў. Тут выкарыстаны эфект накладання інструментаў і ўкрапленне іншых інструментаў, у прыватнасці, клавішных і перкусійных, у некаторыя трэкі".

 

Кружэлку складаюць 11 трэкаў, разнастайных па настроі. Маўляў, "калі заплюшчыць вочы пры праслухоўванні, можна апынуцца ў пустыні, потым перабрацца да акіяна ды скакаць на кані на ўласнае ранча".

"У дзяцінстве і юнацтве ўсе чыталі кнігі Фенімора Купера і Жуля Верна з іх духам вандровак, падарожжаў, прысутнасцю каўбояў, індзейцаў, піратаў, морам і скаламі — такі ж кактэйль атрымаўся і ў нас", — смяецца Ігар Сухарукаў.

Дарэчы, новы дыск The Silicon атрымаў станоўчыя водгукі на спецыялізаваных сайтах.


Прэзентацыя дыска "Tiki Tohua" пройдзе 23 кастрычніка ў старэйшым маскоўскім рок-клубе "Швайн" і 28 кастрычніка ў мінскім TNT. Падчас выступу на радзіме да The Silicon у некаторых трэках далучыцца клавішнік Pukstband i "Адыс Абеба" Цімур Рэйзіс.

Фотаз сацыяльных сетак

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі