Ці падтрымае астатняя Іспанія права каталонцаў на самавызначэнне, калі Мадрыд пойдзе на агульнанацыянальны рэферэндум? Ці створыць сітуацыя ў Каталоніі эфект даміно ў Еўропе? Што азначаюць падзеі ў Іспаніі для Беларусі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае палітолаг, кіраўнік экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог" Яўген Прэйгерман.
Каталонскія палітыкі гуляюць і сёння выйграюць у медыйным спаборніцтве з Мадрыдам. Яны дабіваюцца пакрокавага, пакуль што не палітычнага, але ментальнага, аддзялення. Менавіта таму некаторым з іх выгадныя крывавыя падзеі. Але тое, што мы бачым, вельмі непрыгожа. Памятаючы палітычную барацьбу Краіны Баскаў і Мадрыда, іспанскаму ўраду трэба асабліва пільна падыходзіць да прыняцця рашэнняў.
У ХХІ стагоддзі той, хто прымяняе сілу перад камерамі, заўсёды прайграе інфармацыйную вайну. З іншага боку, любы ўрад, і аўтарытарны, і дэмакратычны, не будзе доўга думаць, калі будуць стаяць пытанні пра фундаментальныя праблемы. Ён пойдзе на ўжыванне сілы. Але трэба навучыцца як мага больш адцягваць мяжу, калі гэтая сіла прымяняецца.
Агульнанацыянальны рэферэндум, як адна з магчымасцяў працягнуць працэс аддзялення Каталоніі ад Іспаніі, верагодны. Толькі наўрад ці ў іх ёсць шанец атрымаць лічбы, якія яны хочуць. Так, усё больш жыхароў Каталоніі будуць падтрымліваць права каталонскага народа на самавызначэнне, і роўна гэтак жа яшчэ больш людзей, якія жывуць у іншых частках Іспаніі, будуць радыкальна выступаць за тое, каб гэтага не адбылося. Думаю, толькі 1-2% іспанцаў маглі б выступіць за права Каталоніі самастойна развівацца.
Па папярэдніх сацыялагічных апытаннях палова каталонцаў выступае за аддзяленне. Сёння іх больш, але, відавочна, гэта не тыя 90%, пра якія заяўляецца на падставе рэферэндуму. Сцвярджаць, што гэтыя вынікі пра нешта сведчаць — палітычны авантурызм. Іншая справа, што гаворка ідзе пра рэальную палітыку, і кожны ўдзельнік ідзе на меры, якія будуць даваць эфект.
Нішто так моцна не аб'ядноўвае людзей, як пачуццё нацыянальнай еднасці. І ў гэтым сэнсе я не бачу сцэнарыя, калі каталонскія сепаратысты перацягваюць на свой бок астатнюю Іспанію.
Шмат хто з аналітыкаў кажа, што Мадрыд сам сябе закапвае. З іншага боку, іспанскаму ўраду зразумела, што тыя людзі, якія прадстаўляюць менавіта каталонскую частку насельніцтва, у пераважнай большасці заўсёды будуць выступаць за незалежнасць. Сярод этнічных іспанцаў, якія жывуць у Каталоніі, погляды могуць быць іншымі. Шмат па якіх пытаннях адкрытыя дэбаты не маюць сэнсу, бо тут немагчыма некага пераканаць. Выхад — альбо прымусіць, альбо выпрацаваць мадэль, якая будзе працаваць для ўсіх. Пакуль прынятае рашэнне прымусіць.
Еўрапейскія палітыкі, Еўрасаюз і яго краіны пакуль не маюць вызначанай рэакцыяй на падзеі ў Каталоніі. Беларусь жа ніколі не была на істотным парадку дня ў еўрачыноўнікаў. І гэта першая прычына, чаму еўрапейскія палітыкі маглі сабе дазволіць, нават не зразумеўшы, што тут адбываецца, выносіць нейкія рашэнні і рабіць заявы. З іншага боку, наадварот, важкасць Беларусі ў геапалітычным сэнсе ўзрастае як ніколі, што бачна хаця б па вучэннях "Захад-2017".