Правабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дзевяць беларусаў

04/09/2020 - 14:59

Правабаарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі яшчэ дзевяць чалавек, якія праходзяць па справе аб масавых беспарадках. Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", гэта Раман Багнавец, Данііл Богнат, Дзмітрый Кубараў, Віктар Панцялееў, Віталь Пракапчук, Ягор Пракапчук, Вячаслаў Рагашчук, Артур Халімончык, Алег Рубец

У супольным дакуменце праваабаронцаў гаворыцца, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. "Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 г. і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя", — адзначаюць праваабаронцы.

Яны пішуць, што сходы насілі мірны характар і нікому не пагражалі, але спецпадраздзяленні МУС атакавалі іх "з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі". Усю адказнасць за гэтыя падзеі праваабаронцы ўсклалі на ўлады Беларусі. 

"Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй арт. 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам", — падкрэсліваюць яны.

Асобныя выпадкі, калі пратэстоўцы ўжывалі сілу супраць міліцыі, на думку праваабаронцаў, патрабуюць асобнага разгляду — "з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі".

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты ўсіх палітвязняў, таксама людзей, затрыманых на мірных сходах пасля выбараў. Таксама яны заклікаюць спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (афіцыйна зачынены ўладамі), Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Х'юман Канстанта”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі