“Працуем у крэдыт”. На муралы ў Мінску скончыліся грошы

06/09/2018 - 12:27

Праект Urban Myths, у межах якога шэрыя мінскія сцены ператвараюцца ў шматпавярховыя мастацкія роспісы, знаходзіцца ў падвешаным стане. Каардынатар праекту Алег Ларычаў распавядае Еўрарадыё, што на “сезон”, які працягнецца да лістапада, мае дамоўленасці яшчэ з 4 мастакамі. Але гарантаваць, што ў сталіцы з’явяцца іх працы, не можа. Прычына — грошы.

9-павярховы мурал у Мінску каштуе 3,5 тысячы еўра. 12-павярховы — даражэй. Асноўныя выдаткі — фарба і арэнда тэхнікі. Грошы на муралы Urban Myths спрабуе збіраць краўдфандынгам, але атрымліваецца не вельмі паспяхова.

Новы мурал на мінскай вуліцы Ляшчынскага мы з аўстралійцам Фінтанам Мэгі скончылі зусім нядаўна. Для мяне гэта быў працяг эксперыменту па збору грошай праз краўдфандынг. На папярэднюю сцену грошы ўсё ж такі сабраліся, але гэтым разам, на жаль, не атрымалася. Давялося працаваць у крэдыт. За квіток плацілі з карткі знаёмага, затрымлівалі плацяжы за тэхніку і гэтак далей. То бок проста апустошвалі крэдытныя карткі знаёмых. Зараз дагэтуль спрабуем дазбіраць бюджэт на ўжо гатовую працу Фінтана Мэгі”.

Фота: Еўрарадыё

Чаму людзі неахвотна ахвяруюць на муралы?

Магчыма, справа ў тым, што эскіз малюнка з’яўляецца толькі тады, калі мастак прыязджае ў Беларусь, разважае Ларычаў. Эскіз ствараецца ў той час, калі мастак знаёміцца з беларускай культурай і рэаліямі. Ды й амаль ніколі загаддзя эскізы не публікуюцца нідзе. А людзі не хочуць скідвацца на ката ў мяху. Грошы ахвяруюць толькі тыя, хто ведае стыль мастака, хто бачыў яго папярэднія працы.

Мясцовыя жыхары амаль заўжды рэагуюць на муралы пазітыўна. Выпадак з “Чалавекам без твару” — мінскім муралам, зафарбаваным пасля трох гадоў скаргаў з боку жыхароў вуліцы Варанянскага, — гэта, хутчэй, выключэнне. Чаму б не падключыць іх да фінансавання будучага мурала?

 

Хадзіць са скрынкай па пад’ездах — незаконна. Адзіны легальны спосаб збору грошай — праз краўдфандынг на сайце, — працягвае Алег Ларычаў. — Ёсць варыянт з дамамі, дзе існуюць таварыствы ўласнікаў. Калі жыхары збяруцца і дамовяцца паміж сабой, яны могуць аплаціць мурал. Суму “распішуць” на ўсе кватэры і ўключаць у жыроўкі. Такі прэцэдэнт быў у Гродне”.

На афіцыйным сайце праекту MustAct.by пазначана, што некаторыя арт-аб’екты з’явіліся ў Беларусі пры падтрымцы мецэнатаў.

Мецэнаты звычайна з’яўляюцца знянацку. Прычым гэтая дапамога — не заўжды 100% кошту мурала, а толькі нейкая частка, — тлумачыць арт-менеджар. — Што зараз? Да тых, хто раней даваў, звяртацца ўжо неяк няёмка, грошы ж вялікія. Мы прапаноўвалі паўдзельнічаць у муралах шмат якім беларускім брэндам. Але брэнды патрабуюць у адказ ці каб там быў іх вялікі лагатып, ці каб іх прадукцыя / накірунак былі намаляваная”.

Дух старой школы

Мастакі з розных краін пагаджаюцца прыехаць у Беларусь, бо ім цікава, што адбываецца ў гэтай частцы свету. Наша вулічная культура, збольшага, перажывае такі перыяд, які шмат якія іншыя краіны даўно прайшлі. Тут мастакі знаходзяць “дух старой школы”.

Па словах Алега, муралы ў Беларусі часта ўзгадняюцца не да канца ці па спрошчаных працэдурах, бо ўлічыць усе фармальнасці папросту немагчыма. А гэта значыць, што ў працы мастакоў прысутнічае хаця б невялікі элемент нелегальнасці.

Напрыклад, нікому не можа прыйсці ў галаву, што пад’ёмнік пад’ехаў да сцяны проста так, без дазволу, — смяецца кіраўнік Urban Myths. — Ці можна прытрымліваць увесь PR, прэс-рэліз і здымкі да заканчэння работ, калі мурал робіцца фактам рэчаіснасці. Але ў нас за гэта — штраф”.

 

У Екацярынбургу нядаўна прайшоў фестываль падкрэслена нелегальнага стрыт-арту. Арганізатары рассялялі мастакоў па “ўпісках” у сяброў ды знаёмых, грошы на фарбу збіралі з продажу карцін і гэтак далей. Але вельмі шмат мастакоў адмовіліся менавіта таму, што ўжо прызвычаіліся да камфортных умоў легальных мурал-фестываляў.

Што праўда, нават легальныя муралы часам замалёўваюцца, і гэта адбываецца не толькі ў нас, а па ўсім свеце. Мастакі, збольшага, ставіцца да гэтага па-філасофску. Напрыклад, той жа INO, чый малюнак [“Чалавек без твару”/”Анёл смерці”] нядаўна зафарбавалі ў Мінску.

Гэты мурал, безумоўна, перамога, — упэўнены Алег Ларычаў. — Ён праіснаваў тры гады, выклікаў дыскусію. Значыцца, адпрацаваў як трэба. Мастак застаўся задаволены, я — таксама. Так, ён быў не надта легальны. Але яшчэ раз паўтаруся, што большасць таго, што робіцца ў свеце і нашым рэгіёне — робіцца без усіх неабходных фармальна дазволаў ды ўзгадненняў”.

Чаму муралы не фінансуюцца гарадскімі ўладамі?

 

Увосень мінулага года Urban Myths спрабавалі правесці малюнак ўкраінскага мастака праз мастацкі савет Мінгарвыканкама. Не атрымалася, хаця арганізатары паспелі паўдзельнічаць у чатырох пасяджэннях. Упэўніць “заслужаных дзеячаў”, што мурал лепшы за шэрую сцяну, не здолелі.

Будучыня беларускага стрыт-арту залежыць ад мясцовых мастакоў. А лёс "міжнародных" муралаў — ад людзей, — кажа Алег Ларычаў. — Агулам, шмат дзе гарадскія ўлады дапамагаюць, а часам нават і фінансуюць з’яўленне муралаў. Чаму? Таму што гэта стварае турыстычную прывабнасць, дапамагае гораду трапляць у шматлікія публікацыі ў выданнях па ўсім свеце, не толькі тэматычных. Можа калі-небудзь гэта зразумеюць і нашыя чыноўнікі”.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі