Польская пракуратура расследуе дзейнасць беларускіх службоўцаў

15/02/2022 - 08:32

Польшча мае доказы датычнасці беларускіх службоўцаў да міграцыйнага крызісу на мяжы. Там яны сталі фігурантамі крымінальнай справы. Максімальнае пакаранне па ёй — да пажыццёвага зняволення. Імёны беларускіх службовых асобаў не называюцца. Вядома, што гэта супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Як паведамляе краёвая пракуратура ў Любліне, расследаванне, якое працягваецца з восені 2021-га, датычыць дзейнасці арганізаванай злачыннай групы, якая займалася нелегальнай перапраўкай мігрантаў з Беларусі ў Польшчу і далей — у краіны Заходняй Еўропы (найперш у Германію). За гэты час польскія следчыя цалкам аднавілі дзейнасць нелегальнай схемы — ад дастаўкі мігрантаў самалётамі ў Беларусь да забеспячэння іх знаходжання на беларускай тэрыторыі, а пасля — перавозкі да мяжы з Польшчай, у месцы, якія паказвалі беларускія вайскоўцы.

Сярод доказаў па справе — шматлікія сведчанні неназваных асобаў. Некаторыя з іх заявілі пра падбухторванне беларускімі службовымі асобамі мігрантаў да атак на польскіх памежнікаў і знішчэння маёмасці.

Польшча, як і ўвесь ЕС, ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на афіцыйны Мінск. Улады Беларусі гэта адмаўляюць. Невялікія групы мігрантаў дагэтуль спрабуюць прарвацца з Беларусі ў Польшчу і атакуюць польскіх памежнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі