Польшча расказала, ці могуць закрыцца ўсе пункты пропуску на беларускай мяжы

16/02/2023 - 10:54
Сцяг Польшчы / pixabay

Патэнцыйнае рашэнне аб закрыцці дарожнага і чыгуначнага памежнага перахода “Брэст — Тэрэспаль” знаходзіцца “на стале”, сказаў у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна. Але пакуль канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае, дадаў ён.

— Перадусім такія абмежаванні тычацца таварнага руху. Польшча заўсёды можа адкрыць гуманітарны калідор для палітычных бежанцаў з Беларусі. Такія пытанні разглядаюцца намі асобна.

У пытаннях мяжы Польшча заўсёды знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі і латышскімі саюзнікамі, — сказаў Ясіна.

Нам не змаглі адназначна адказаць на пытанне, ці разглядаецца закрыццё пункта пропуску для звычайных пасажыраў.

— Разглядаецца кожная версія, — дадалі ў МЗС.

На мінулым тыдні Польшча закрыла адзін з найбуйнейшых пунктаў пропуску на беларускай мяжы — “Баброўнікі”. Цяпер адзіным працоўным пунктам на беларуска-польскай мяжы застаўся “Брэст — Тэрэспаль”.

Рашэнне закрыць “Баброўнікі” было вынесенае на наступны дзень пасля прысуду Анджэю Пачобуту. Беларускі суд адправіў палітвязня — журналіста, актывіста польскай меншасці ў Беларусі — у калонію на 8 гадоў.

Паводле звестак польскага медыя Wyborcza, напярэдадні закрыцця “Баброўнікаў” там затрымалі не менш за 12 мытнікаў. Выданне піша, што гаворка, магчыма, ідзе пра карупцыю.

Еўрарадыё запытала ў польскага МЗС, ці мела гэтае затрыманне ўплыў на рашэнне закрыць пункт пропуску.

— Польскі ўрад, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі прынялі рашэнне закрыць памежны пераход у Баброўніках у сувязі з важным дзяржаўным інтарэсам. Мы не можам больш дазволіць, каб улады забойчага рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўвалі сітуацыю на памежжы, у той жа час парушаючы правы чалавека, пераследуючы беларускую апазіцыю, пераследуючы палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Польская мытная служба мае вельмі шмат супрацоўнікаў. І заўсёды існуе магчымасць “аддэлегаваць” адпаведную колькасць на гэты пераход, хаця б з пункту гледжання закрыцця іншых пераходаў на польска-беларускай мяжы. У нас заўсёды была адпаведная колькасць супрацоўнікаў, якія маглі б замяніць тых, каго арыштавалі. Так што прычына, якую паказваюць беларускія дзяржаўныя СМІ, з’яўляецца цалкам непраўдзівай.

Прычынай быў не толькі прысуд Анджэю Пачобуту, але і агульная сітуацыя ў беларускай палітыцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі