Польшча правяла блакаду чыгункі на мяжы з Беларуссю

04/07/2024 - 13:57

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

На працягу 33 гадзін Польшча блакавала чыгуначны рух на буйным мытным тэрмінале ў Малашэвічах на мяжы з Беларуссю. Афіцыйна пра блакаду не абвяўшчалася: фармальна там праводзіліся "кантрольныя мерапрыемствы", паведамляе RMF FM.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, адзначае выданне, гэтай блакадай рэжыму Лукашэнкі далі "выразны сігнал", што чыгуначны транзіт з Беларусі ў ЕС можа быць перакрыты.

Падчас 33-гадзіннага перапынку польскі бок старанна правяраў змесціва кантэйнераў, якія накіроўваліся транзітам у Польшчу праз Беларусь. Паведамляецца, што большая частка грузаў паходзіла з Кітая.

Напярэдадні стала вядома. што Польшча плануе ўвесці вельмі старанны кантроль на мытным тэрмінале на мяжы ў Малашэвічах. Праз яго на захад ідзе ільвіная доля паставак з усходу, у тым ліку асноўныя сухапутныя пастаўкі з Кітая. Чыгункай яны накіроўваюцца ў краіны Еўрасаюза, а таксама ў порт Гданьска, адкуль адпраўляюцца далей. Гэты транзіт з'яўляецца значнай крыніцай даходу для Беларусі.

У RMF FM сцвярджаюць са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы, быцам некалькі дзён таму па дыпламатычных каналах Варшава папвярэдзіла Мінск, што больш не будзе трываць міграцыйны ціск на мяжы. Таксама польскі бок заклікаў, каб рэжым Лукашэнкі вызваліў палітвязня Анджэя Пачобута. Адказу ад Беларусі не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі