"Пікетавалі з дапамогай запісак" — у Мінску за Масленіцу далі па 15 сутак

16/03/2021 - 05:36
Праводзіны зімы ва Уруччы / телеграм-канал "Уручье-инфо"

Па 15 сутак атрымалі тры жанчыны — ўдзельніцы раённага свята Масленіца ва Уруччы каля Музея валуноў, паведамляюць праваабаронцы. Усяго ў нядзелю на свяце было затрымана 6 чалавек. Справы яшчэ траіх мужчын суд Першаймайскага раёна адправіў на дапрацоўку.

Мерапрыемства было санкцыянаваным, падкрэсліваюць праваабаронцы. Тым не менш затрыманых абвінавацілі ў пікетаванні. Іх затрымалі, калі яны ўжо сыходзілі.

У пратаколе, які абвясцілі ў судзе, напісана, што затрыманыя "ўдзельнічалі ў адзіночным пікетаванні на вуліцы Русіянава, 55: прымацавалі зубачысткай да пудзіла запіску з надпісам "Сыходзь" і выкрыквалі лозунгі".

Сведка-міліцыянт таксама распавёў суду, што асабіста бачыў, як кожная з жанчын нешта пісала на паперцы і мацавала да пудзіла. Пры гэтым засталося незразумелым, як міліцыянт даведаўся, што менавіта пісалі жанчыны — з улікам таго, што пудзіла разам з цыдулкамі згарэла.

Ніхто з жанчын сваю віну не прызнаў. Толькі адна пагадзілася з тым, што пісала запіску, але яна нагадала, што ўсё гэта было ў рамках свята: да пудзіла прапаноўвалася прымацаваць запіску з назвай таго, што хацелася б пакінуць у мінулым. Яна напісала — "інфаркт таты".

Выслухаўшы бакі, суддзя Трусевіч прызнала Ганну Кавалёву, Святлану Хіневіч і Наталлю Аляхновіч вінаватымі і прызначыла ім пакаранне ў 15 сутак арышту.

Трое іншых затрыманых на Масленіцу ва Уруччы — Улад Іода, Дзмітрый Сарока і Дзмітрый Сачыўк — яшчэ чакаюць суда. Напярэдадні суддзя накіраваў іх справы на дапрацоўку.

План мерапрыемстваў Мінгарвыканкама на Масленіцу / TUT.BY

Адна з жыхарак мікрараёна "Магістр" Кацярына Каралевіч распавяла TUT.BY, што свята ў Музея валуноў было узгоднена. Яго арганізоўваў орган мясцовага кіравання КОТГС.

"Сцэнар і ўдзельнікаў праграмы ўзгаднялі з адміністрацыяй Першамайскага раёна, аддзелам культуры. Наша свята ўключылі ў сетку мерапрыемстваў, якую зацвердзілі ў Мінгарвыканкаме. Выдзелілі ўчастак, раённая адміністрацыя забяспечыла ўдзел міліцыі, падключыла "Зелянбуд", каб можна было зрабіць вогнішча для провадаў зімы, былі арганізаваныя прыбіральні", — распавяла яна.

Па традыцыі на свяце людзі праводзілі зіму і гукалі вясну. Фразы "Сыходзь, зіма!", "Прыходзь, вясна!" і "Сыходзь!" сапраўды гучалі, калі спальвалі пудзіла, але былі адрасаваныя менавіта зіме.

"Здавалася, што ўсё прайшло добра, але ўжо потым мы даведаліся, што пасля свята некалькі чалавек затрымалі. А цяпер высветлілася, што забіралі людзей за запіскі — мы вельмі занепакоеныя гэтым момантам і думаем, як дапамагчы затрыманым у гэтай сітуацыі", — адзначыла Кацярына Каралевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі