Петрышэнка: Нафтаправод з Расіі трэба было рамантаваць яшчэ паўтара года таму

11/04/2019 - 13:36

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 11 красавіка разглядаліся ўзаемаадносіны Беларусі з Расіяй. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка.

Сярод іншага згадваўся і рамонт нафтаправода, па якім праз Беларусь ідуць пастаўкі расійскай нафты. 

Як паведамляла Еўрарадыё, на гэтай нарадзе Лукашэнка рэзка выказаўся на адрас Расіі. У прыватнасці, ён прапанаваў закрыць на рамонт нафтаправод: "Калі трэба паставіць на рамонт нафтаправоды і нафтапрадуктаправоды, якія ідуць праз Беларусь, стаўце і рамантуйце. Таму што тое дабро, якое мы робім для Расійскай Федэрацыі, яно нам абарочваецца пастаянным злом. Там ужо знахабіліся да такой ступені, што пачынаюць нам выкручваць рукі".

Каментуючы для журналістаў выказванні кіраўніка дзяржавы, Петрышэнка паведаміў, што нафтаправод, які ідзе праз Беларусь, вымагае дадатковага рамонту, бо эксплуатуецца працяглы час. "Былі пэўныя высновы нашых інжынераў і тэхнічных супрацоўнікаў , што гэты нафтаправод неабходна было зачыніць на рэгламентныя рамонтныя працы яшчэ паўтара года таму", — удакладніў чыноўнік.

Па яго словах, тады было вырашана не падводзіць расійскіх партнёраў, а займацца рамонтам у працэсе функцыянавання нафтаправода, каб не закрываць пэўныя ўчасткі. Але экалагічныя патрабаванні вымагаюць альбо абмежаваць, альбо перакрыць працу пэўных участкаў. "Нашы спецыялісты, інжынеры працуюць над гэтым", — дадаў віцэ-прэм'ер.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі