У 2019 годзе будуць пабудаваныя першыя чатыры станцыі трэцяй лініі метро ў Мінску. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар УП "Мінскметрабуд" Леанід Стухальскі, перадае БЕЛТА.
Пабудова 1 км метро каштуе каля 70 млн долараў. Працы вядуцца на розных будаўнічых пляцоўках, аб'екты знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці, паведаміў Стухальскі.
Спецыяліст падкрэсліў, што пабудова метро ў Мінску каштуе менш, чым у іншых гарадах і краінах. На гэта, па яго словах, уплываюць невялікая глыбіня метрапалітэна і выкарыстанне беларускіх матэрыялаў. Напрыклад, у Маскве ці Кітаі 1 км метро каштуе каля 100-110 млн долараў.
Трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна будзе мець працягласць 17,2 км, на ёй будзе 14 станцый. Найперш намаганні будаўнікоў сканцэнтраваныя на чатырох станцыях — "Юбілейная плошча", "Вакзальная", "Кавальская Слабада" і "Плошча Багушэвіча".
У 2022 годзе пачнуцца працы па трэцяй лініі ў напрамку станцыі "Слуцкі Гасцінец", а потым пабудуюць станцыі ў напрамку "Зялёнага Луга". Ўзвядзенне ўсёй лініі неабходна завяршыць да 2026-2028 гадоў. Пасля гэтага плануецца пачаць будаўніцтва чацвёртай (кальцавой) лініі.
Стухальскі падкрэсліў, што завяршэнне будаўніцтва станцый не азначае запуск руху цягнікоў. "Пусканаладачныя працы займаюць ад 8 месяцаў да 1 года — гэта тэрмін ад заканчэння будаўніцтва станцый да гатоўнасці прыняць пасажыраў", — удакладніў ён.