Першы энергаблок БелАЭС зноў уключылі ў сетку — другі раз за тыдзень

15/03/2021 - 08:31
Беларуская АЭС / Еўрарадыё​

Першы энергаблок зноў уключылі ў сетку, паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга. Адключалі яго 10 сакавіка. А да гэтага 8 сакавіка ўключалі, папярэдне адключыўшы ў канцы лютага. Гэта быў ужо як мінімум пяты перапынак у працы энергаблока з лістапада 2020 года, калі яго ўрачыста ўпершыню ўключылі ў сетку.

На мінулым тыдні Міністэрства энергетыкі нават вымушанае было тлумачыць, што ўсё гэта значыць. Там нагадалі, што "першы энергаблок станцыі знаходзіцца на этапе доследна-прамысловай эксплуатацыі", а адключэнні і ўключэння неабходныя "для таго, каб старанна пратэставаць усе сістэмы і абсталяванне і пацвердзіць праектныя паказчыкі іх надзейнасці і бяспекі".

Пры гэтым з 394 запланаваных выпрабаванняў этапу паспяхова завершаныя 259.

Цяпер да 5 красавіка спецыялісты плануюць правесці на першым энергаблоку выпрабаванні рэактарнай устаноўкі ў стацыянарным рэжыме, а таксама "дынамічныя выпрабаванні на розных узроўнях магутнасці з разгрузкай энергаблока, у тым ліку да нулявога ўзроўню магутнасці".

Адначасова ў Мінэнерга расказалі пра работы, якія працягваюцца на другім энергаблоку БелАЭС — там ідзе зборка рэактара. У прыватнасці, ужо завершаная загрузка ў рэактар імітатараў цеплавыдзяляльных зборак (ТВЗ). Гэтыя зборкі-імітатары выкарыстоўваюцца замест штатных ТВЗ падчас пусканаладачных работ, каб праверыць рэактарную ўстаноўку на адпаведнасць праектным характарыстыкам і патрабаванням бяспекі, растлумачылі ў Міністэрстве.

Раней дырэктар па будаўніцтве Беларускай АЭС інжынірынгавага дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксей Кананенка казаў, што энергетычны пуск другога энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на чацвёрты квартал 2021 года, а здача ў эксплуатацыю — на сярэдзіну 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі