Пазняк — пра нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы: газпрамаўская афёра забуксавала

15/07/2020 - 07:59

"Пакуль што пайшло не кепска. Газпрамаўская афёра забуксавала. Банкіра не зарэгістравалі. Цапкалу адкінулі раней", — так лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк пракаментаваў вынікі ўчорашняй рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. 

На яго думку, прыхільнікі Віктара Бабарыкі недаацэньваюць рэальную сітуацыю, калі называюць Аляксандра Лукашэнку слабаком. "Праціўніка трэба ўмець рэальна ацэньваць. А то як бы гэты "слабак" не закатаў іх, здзіўленых, пад асфальт. Банкір сядзе мінімум на шэсць гадоў разам з кампаніяй, а ягоныя клеркі пабягуць, як і раней, лізаць узурпатара", — прагназуе Пазняк.

Пазняк і раней вельмі крытычна выказваўся пра выбарчыя кампаніі Бабарыкі і Цапкалы. Ён лічыць, што абодва прэтэндэнты працягваюць выконваць сваю галоўную задачу — забяспечыць яўку на выбарчыя ўчасткі, што выгадна ўладам: "Штаб банкіра заклікаў усіх людзей прыйсці 9 жніўня на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць "за каго заўгодна". Як расейцы кажуць, "отэтада". Нават не каментуем".

Пазітыўна шматгадовы палітэмігрант ацэньвае толькі Святлану Ціханоўскую.

"Святлана Ціханоўская — адзіная станоўчая асоба ва ўсёй групе кандыдатаў. Менавіта яна магла б працягнуць справу Сяргея Ціханоўскага і канцэпцыю "Стоп, таракан!". Гэта значыць, тлумачыць і заклікаць людзей не йсці галасаваць на фальшывыя выбары, дзе 76 адсоткаў намаляваных галасоў гарантавана для Лукашэнкі. Для антынароднага рэжыму патрэбныя толькі статысты (галасавальшчыкі), каб можна было казаць, што былі выбары", — лічыць Пазняк.

Як другі варыянт ён прапануе Ціханоўскай зняцца з выбараў. "Нарэшце, ёсць і трэці моцны варыянт, які можа ўзнікнуць з абставінаў. Але пра яго мы тут не кажам з прычыны заўчаснасці", — трымае інтрыгу палітык.

Пры гэтым ён перасцерагае да Плошчы, калі яна не будзе падрыхтаваная. 

"Шмат хто рыхтуецца і на "плошчу" спадзяецца. Але тут трэба ведаць, што поспех плошчы можна забясьпечыць толькі тады, калі яе рыхтуе і калі ёй кіруе дастаткова добрая і давераная арганізацыя, калі ёсць лідар руху, калі вядомая мэта і задача пратэсту, калі ёсць сродкі для здабыцця перамогі (дружына, ахова, дапамаговыя структуры, кіраўніцтва, забеспячэнне, сувязь і г. д.). Гэта сур'ёзна.

Калі такога няма, акрамя натоўпу, то плошчу рабіць нельга. Будзе разгром людзей і ўсяго грамадства (тое, што справакавалі правакатары ў 2010-м)", — лічыць Пазняк.

У Мінску Плошчу, на яго думку, немагчыма арганізаваць без падтрымкі "рабочых заводаў і простых працоўных людзей". 

Пазняк лічыць, што Лукашэнку сёлета ўдасца захаваць сваю пасаду: "Але ў якім статусе ён апынецца, будзе залежаць ад барацьбы і змагання людзей".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі