Пазняк: Цапкала і Бабарыка адцягваюць увагу народа ад смяртэльнай пандэміі

27/05/2020 - 09:24

Лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк у "Фэйсбуку" раскрытыкаваў самых заўважных канкурэнтаў Лукашэнкі на сёлетніх выбарах. 

На яго думку, Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка служаць для прываблівання выбарцаў на ўчасткі. Пры гэтым ён лічыць, што абодва гэтыя прэтэндэнты гуляюць на карысць Расіі: "Далёкасяжная роля для Масквы — гэта стварэнне важкіх палітычных фігур нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя і кантраляваныя Масквой, Еўразвязам і ЗША (вакансія "Мілінкевіча", які выконваў гэтую ролю, цяпер якраз пустуе). Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо наменклатурную, зрусіфікаваную (без нацыянальных беларускіх "замарочак") кіруемую альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі"

Згадкі пра гэтых асобаў у СМІ, кажа Пазняк, адцягваюць увагу ад сапраўднай праблемы — пандэміі каранавіруса. "Павышаная ўвага да гэтых асобаў, якую настырна выяўляе агентура і СМІ, служыць не толькі рэкламе гэтых прозвішчаў, але (што цяпер найважней) адключэнню ўвагі грамадства ад смяртэльнай пандэміі і ад злачынства рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае эпідэмію дзеля захворвання і знішчэньня беларусаў", — заяўляе шматгадовы палітэмігрант.
 
Гэтаксама ён абураецца кампаніяй блогера Сяргея Ціханоўскага і яго жонкі Святланы, якая ідзе прэтэндэнткай на прэзідэнцкую пасаду. Тут Пазняк найперш звяртае ўвагу, што Ціханоўскі не карыстаецца нацыянальнай сімволікай:

"Нейкія асобы хадзілі з плакатамі, дзе намаляваныя шлёпанцы, неслі іх на дрэўках, трымалі ў руках. А ў час доўгага інтэрв'ю змагар з рэжымам Сяргей Ціханоўскі, якога раптам выпусцілі з-пад арышту, шмат разоў падымаў сціснуты кулак уверх і крычаў: "Стоп таракан!" "Стоп таракан"! — адзываліся побач. Якое там "Лукашэнка прэч!" Якое там "Слава Айчыне"! Якое там "Жыве Беларусь"! "Таракан" — крычаць.

Спадар Ціханоўскі камунікуецца не ў ФБ. Ён у канторскай "Вконтакте". На пытаньне пра 1991 год — нацыянальную рэвалюцыю і Незалежнасць Беларусі, рэпліка: "А, это когда Советскій Союз распался". Пра Пагоню і Беларускі сцяг — "как народ решіт" і г.д. Як кажуць, ад сябе не ўцячэш.

Тут тыповая пазыцыя чалавека, які знаходзіцца пад уплывам маскоўскай ідэалогіі гібрыднай вайны. Такіх людзей часам называюць "агентамі ўплыву", прытым яны нават самы пра тое не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі"

Мікалая Статкевіча, які вядзе кампанію побач з Ціханоўскім, Пазняк называе "вядомым правакатарам пабоішча 2010 года". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі