Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка зноў атрымаў паўнамоцтвы віцэ-прэм'ера

30/05/2019 - 15:27

Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка зноў стаў віцэ-прэм'ерам. Такія паўнамоцтвы ён атрымаў у адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі (№ 202 ад 30 траўня). Сямашка будзе адказваць за пытанні дзейнасці нашай краіны ў рамках саюзнай дзяржавы. Яму давядзецца прадстаўляць Беларусь у кантактах са службовымі асобамі і дзяржорганамі Расіі, з органамі саюзнай дзяржавы. Уладзімір Сямашка зможа ўносіць прапановы ўраду і іншым органам улады па пытаннях інвестыцыйнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з РФ. У яго будуць таксама каардынацыйныя функцыі, інфармуе БЕЛТА.

Сямашку 69 гадоў. Ён быў віцэ-прэм'ерам у 2003-2018 гадах. У жніўні летась Уладзімір Сямашка застаўся без працы, але ў лістападзе быў прызначаны паслом у Расійскай Федэрацыі. Такім чынам Сямашка не быў віцэ-прэм'ерам крыху больш за дзевяць месяцаў. Цяпер жа ён нясе персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў нашай краіны ў дачыненнях з Расіяй і ў саюзнай дзяржаве.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі