Партыя БНФ, рух "За Свабоду" і БСДП выйшлі з "Народнага рэферэндуму"

08/12/2015 - 12:30

Партыя БНФ, рух "За Свабоду" і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя выйшлі з кампаніі "Народны рэферэндум". Пра гэта арганізацыі заявілі ў супольнай заяве.

"Мы з вялікім жалем канстатуем, што супольна напрацаваны патэнцыял быў неналежным чынам скарыстаны адным з партнёраў дзеля дасягнення ўласных тактычных задачаў, далёкіх ад першапачатковых мэтаў. У выніку быў падарваны як давер грамадства да кампаніі "Народны рэфэрэндум", так і давер паміж арганізацыямі-удзельнікамі НР", — заяўляецца ў дакуменце. Яго падпісалі Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Юрась Губарэвіч (рух "За Свабоду"), Ірына Вештард (БСДП).

У каментары Еўрарадыё Губарэвіч пацвердзіў, што нагодай для распаду "Народнага рэферэндуму" стала дзейнасць кампаніі "Гавары праўду", асабліва падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. У прыватнасці, Губарэвіч агучвае прэтэнзіі да кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч:

Губарэвіч: "Яна не мела права казаць, што прадстаўляе нейкую кааліцыю, створаную вакол кампаніі "Народны рэферэндум". Яна не была вылучэнкай ад кампаніі "Народны рэферэндум", таму што акрамя кампаніі "Гавары праўду" і Партыі БНФ, якая праз нейкі час адклікала сваё рашэнне, ніхто тмкое рашэнне не падтрымаў".

Каардынацыі дзеянняў паміж ўдзельнікамі "Народнага рэферэндуму" няма ўжо тры месяцы, кажа Губарэвіч. Сама кампанія праіснавала два гады. Цяперашняя заява пра яе скасаванне, кажа Губарэвіч, зробленая напярэдадні парламенцкіх выбараў — каб ніхто не скарыстаўся імем "Народнага рэферэндуму".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі