Фота з асабістага архіва Даніэлы Каляды.
Даніэла Каляда — беларуска, якая з дзесяці гадоў жыве ў Вялікабрытаніі. Яе бацькі — Наталля Каляда і Мікалай Халезін, якія кіруюць "Беларускім свабодным тэатрам". Пасля падзей у Мінску на Плошчы-2010 іх сям'я была вымушаная пакінуць Беларусь.
Да сваіх 19 гадоў дзяўчына ўжо паспела паўдзельнічаць у здымках з Джудам Лоў і прайсціся па подыуме на модных паказах мадэльера Віўен Вествуд, а цяпер рыхтуецца да стажыроўкі ў газеце The Wall Street Journal. Еўрарадыё паразмаўляла з Даніэлай пра партфоліа, якое ўражвае, вучобу ва Універсітэцкім каледжы Лондана, стаўленне да тэатра і тугу па радзіме.
Еўрарадыё: Калі вы пераехалі з бацькамі, вам было ўсяго дзесяць гадоў, але ваш бацька распавядае, што вы ўжо ў тым узросце актыўна дапамагалі ім.
Даніэла Каляда: Тады быў такі складаны перыяд, калі мае бацькі займаліся выратаваннем палітвязняў з турмаў. Ні ў каго не было часу займацца хатнімі справамі. Мы жылі ў гатэлях, у сяброў, таму, як толькі атрымалася кудысьці пераехаць на пастаянную аснову, прыйшлося займацца базавымі рэчамі: інтэрнэтам, пастаўшчыкамі газу, электрычнасці. Бацька тады валодаў англійскай значна горш, чым цяпер, таму усімі гэтымі пытаннямі даводзілася займацца мне.
Еўрарадыё: То бок у дзесяць гадоў у вы ўжо валодалі англійскай лепш за бацькоў?
Даніэла Каляда: З самага дзяцінства мяне мама адправіла ў англійскую школу ў Мінску. Да моманту пераезду я па-англійску выражала свае думкі нават лепш, чым па-руску.
Еўрарадыё: Сам пераезд быў для вас складаным?
Даніэла Каляда: Калі глядзіш на гэта ўсё ў рэтраспектыве, яно выглядае досыць дзіўна. Цяпер я разумею, якія з-за пераезду перада мной адкрыліся магчымасці: я жыву ў Лондане, вучылася ў адной з найлепшых школ Вялікабрытаніі (а можа, нават і свету), я паступіла ў добры універсітэт, якога б у мяне не было ў Беларусі. Але на той момант мне было вельмі складана, таму што мая сям'я — бабуля, дзед — яны ўсе засталіся ў Мінску, ды і ўвесь мой быт застаўся ў Мінску.
Цяпер я вучуся на палітыка-эканамічным курсе ў UCL (University College London/Універсітэцкі каледж Лондана. — Еўрарадыё). Гэта першы універсітэт Лондана, які дапусціў жанчын да вучобы. У ім навучаліся 37 нобелеўскіх лаўрэатаў, уключаючы Махатму Гандзі. Ва універсітэце вучыцца вельмі шмат людзей з самых розных краін.
Еўрарадыё: Вучыцеся па нейкай праграме або самі аплачваеце вучобу?
Даніэла Каляда: Вучобу я аплачваю цалкам сама. Я часамі працую: удзельнічаю ў некаторых мадэльных паказах, што вельмі добра аплачваецца. Таксама я перакладаю п'есы, кнігі з рускай на англійскую і наадварот, што таксама досыць добра аплачваецца. Гэта дазволіла мне цалкам аплаціць адукацыю самой.
Еўрарадыё: А колькі цяпер каштуе вышэйшая адукацыя ў Вялікабрытаніі?
Даніэла Каляда: Для англічан і грамадзян краін Еўрасаюза кошт адукацыі аднолькавы незалежна ад універсітэта і курса — дзевяць тысяч фунтаў за год. Але для студэнтаў не з Еўрасаюза і не англічан кошт адукацыі пачынаецца ад 35 тысяч фунтаў, але медыцынскі або юрфак могуць даходзіць да 90 тысяч.
Еўрарадыё: Як праходзіць вучоба? Сутыкаецеся з нейкімі цяжкасцямі?
Даніэла Каляда: У Англіі цікавая сістэма праверкі студэнцкіх работ на плагіят — праз спецыяльны сайт. Але нават пасля гэтага магчымая дадатковая праверка. Калі выкладчыку здаецца, што студэнт напісаў нешта, што не змог бы напісаць самастойна, то ён выклікае цябе да сябе і пачынае распытваць пра гэтае сачыненне. У мяне быў выпадак, калі па курсе гісторыі я пісала на вельмі вузкую тэму — рэпрэзентацыя старых людзей у пасляваеннай савецкай культурнай прадукцыі. Для працы я, у прыватнасці, выкарыстала творчасць беларускіх пісьменнікаў Мележа, Дударава, паказвала, як яны ў сваіх творах апісвалі старых. На жаль, мая настаўніца мала ведала пра беларускую літаратуру сама, таму думала, што ніхто на яе курсе не мог ведаць пра гэта таксама. Аднак, калі я ёй распавяла пра сваю асабістую гісторыю, маю працу прынялі да публікацыі на сайце academia.edu. Там па законе публікуюцца ўсе працы, якія набралі пэўны высокі бал.
Еўрарадыё: Вы ўжо згадвалі, што вы яшчэ і мадэль...
Даніэла Каляда: Так. У маіх бацькоў яркая тэатральная кар'ера, яны знаёмыя з вялікай колькасцю дызайнераў, якія ў нейкай ступені займаюцца рэвалюцыяй у сваёй сферы. Адно з такіх знаёмстваў — Віўен Вествуд (брытанскі дызайнер моды, заснавальніца панк-стылю ў модзе. — Еўрарадыё). Я з ёй даўно знаёмая, яна мне доўгі час прапаноўвала ўдзельнічаць у яе паказах. Гэта цікавая праца, на якой мозг адпачывае. Але я займаюся гэтым досыць рэдка, калі гэта не перашкаджае маёй вучобе.
Еўрарадыё: Ці ўдзельнічаеце ў тэатральных праектах бацькоў?
Даніэла Каляда: Мой удзел у іх праектах заканчваецца перакладамі ўсіх іх п'ес на англійскую. Я б не сказала, што тэатр — гэта нешта маё, таму што я з ім вырасла. Мне здаецца, калі занадта шмат тэатра з дзяцінства, ты занадта добра ў ім разбіраешся і не хочаш звязваць з ім сваё жыццё.
Еўрарадыё: Тым не менш вы зняліся ў кароткаметражным фільме разам з Джудам Лоў.
Даніэла Каляда: Гэта цікавая гісторыя, нечым падобная на гісторыю з мадэльным бізнесам. Зноў жа, улічваючы сферу дзейнасці маіх бацькоў, многія мне прапаноўвалі заняцца здымкамі прафесійна. У той перыяд у мяне як раз былі канікулы, і я паўдзельнічала у гэтай кароткаметражцы. Магчыма, нехта на маім месцы вырашыў бы цалкам нырнуць у акцёрскую кар'еру, але я паставіла вучобу на першае месца. І, улічваючы мой досвед з тэатрам, я ўсё ж такі вырашыла, што быць акцёрам — гэта не для мяне.
Еўрарадыё: З чым жа плануеце звязаць сваё жыццё? У якой сферы сябе бачыце ў бліжэйшы час?
Даніэла Каляда: Гэтым летам у мяне ёсць магчымасць прайсці стажыроўку ў The Wall Street Journal у секцыі крытыкі палітыкі і мастацтва, якая вывучае апошнія тэндэнцыі ў гэтых сферах. Яна будзе доўжыцца дзесяць тыдняў у Нью-Ёрку, і, хутчэй за ўсё, я пагаджуся. Ёсць прапанова працягнуць працаваць у лонданскім офісе — я разглядаю гэты варыянт, але ў той жа час мне б не хацелася мець нейкую працу з 9 да 17. Хочацца ўсё ж граць ролю ў жыцці людзей на больш глабальным узроўні.
Еўрарадыё: Сумуеце па Беларусі?
Даніэла Каляда: Вельмі хачу прыехаць, але ў дадзены момант не магу. Я нават спрабавала падаць дакументы ў пасольства, але калі я цяпер туды паеду, то нічога добрага не будзе. Гэта на самай справе непрыемнае пачуццё, быць не самастойнай асобай, а рычагом ціску на сваіх бацькоў.