Памёр моцна збіты Міхаіл Пішчэўскі

27/10/2015 - 08:18

Памёр гей Міхаіл Пішчэўскі, якога збілі больш за год таму, паведамляе Радыё "Свабода". Увесь гэты час хлопец заставаўся на шпітальным ложку.

Пра смерць Пішчэўскага паведаміў у сваім фэйсбуку актывіст ЛГБТ Сяргей Андросенка. "Вось і ўсё. Мішы з намі больш няма. І сумна. І страшна. І пуста. Ад усяго. Што больш не ўбачымся. Што не пасмяемся ад душы з ім. Адно кароткае імгненне — і так усё змянілася. Нечая нецярпімасць пазбавіла жыцця маладога, моцнага і мэтанакіраванага хлопца. Да гэтага часу не верыцца. Хіба такое магчыма? На жаль, так", — адзначыў ён.

Міхаіл Пішчэўскі трапіў у шпіталь у стане комы ў траўні 2014 года пасля таго, як яго збіў былы настаўнік фізкультуры Дзмітрый Лукашэвіч. Паводле словаў сведкаў, нагодай для збіцця была нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя хлопца.

Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясенні траўмы і прысудзіў да 2 гадоў і 8 месяцаў зняволення. 20 жніўня ён выйшаў з калоніі па амністыі. За кратамі ён адбыў 11 месяцаў.

Пасля ўдару галавой аб бетон Пішчэўскаму зрабілі аперацыю па выдаленні часткі мозгу, доўгі час ён ляжаў у 5-й сталічнай лякарні.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі